Прывітанне ўдзельнікам і гасцям XXVI Міжнароднага форуму TIBO-2019

8 апреля 2019

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям XXVI Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях TIBO-2019.

"Дзякуючы гэтым штогадовым сустрэчам, Мінск стаў адной з самых значных пляцовак ва Усходняй Еўропе для прэзентацыі найноўшых дасягненняў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій", - гаворыцца ў прывітанні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзясяткі кампаній з розных краін менавіта тут прадстаўляюць прагрэсіўныя распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту, Інтэрнэту, воблачных тэхналогій, дапоўненай рэальнасці, мабільнай сувязі.

"Беларусь зрабіла стаўку на лічбавізацыю сваёй эканомікі, што дазволіла ёй стаць лічбавым мостам паміж краінамі ЕС, Еўразійскага эканамічнага саюза і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. Айчынны Парк высокіх тэхналогій пастаянна прырастае новымі рэзідэнтамі, а моладзь усё часцей звязвае сваю будучыню з IT-сферай", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што абмен перадавым вопытам на форуме TIBO-2019 будзе садзейнічаць развіццю інавацыйных тэхналогій у Беларусі і за яе межамі.