Прысуджэнне дзяржаўных узнагарод за навуковыя работы не павінна насіць фармальнага характару

28 февраля 2017

Пра гэта сёння заявіў Кіраўнік дзяржавы падчас наведвання РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы. Тут была арганізаваная экспазіцыя беларускіх распрацовак, якія прэтэндуюць на атрыманне дзяржпрэмій у галіне навукі і тэхнікі па выніках мінулага года. Аляксандр Лукашэнка дэталёва азнаёміўся з кожным праектам. Усяго іх 12. Гэта лепшыя інавацыйныя дасягненні нашай краіны, якія дазваляюць паспяхова развівацца ў розных сферах. У спісе суіскальнікаў дзяржаўных прэмій - і калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак. Адзначым, у гэтай галіне медыцыны наша краіна выходзіць на сусветны ўзровень. У колькасці трансплантацый Беларусь займае першую пазіцыю сярод краін СНД. Хто і за што заслугоўвае дзяржаўнага прызнання - у рэпартажы Наталлі Брэвус.

Даніку амаль 2. Бацькі мараць, каб у будучыні малыш выбраў прафесію - не, не журналіста. Мараць, каб стаў урачом. Медыкі выратавалі яму жыццё. Сям'я прыехала з Барысава ў цэнтр транспланталогіі на абследаванне. Паўтара года таму хлопчыку перасадзілі частку мамінай печані.

Ад хваробы ніхто не застрахаваны - ні малышы, ні людзі пажылыя. У цэнтры праходзяць лячэнне людзі розных узростаў. А ў гэтай палаце аддзялення - яшчэ і сапраўдны інтэрнацыянал! Кумарбек прыехаў з Казахстана. Іван з Украіны. Яўген Мікалаевіч - беларус. Апынуліся братамі па няшчасці - кожнаму патрэбна была новая печань. Яўген Мікалаевіч прайшоў праз аперацыю раней за ўсіх - больш як год таму.

Наведваючы цэнтр, Кіраўнік дзяржавы заходзіць у гэтую палату ў ліку першых. Вядома, адразу гутарка пра самаадчуванне. Пацыенты рыхтуюцца да выпіскі.

Кумарбек распавядае сваю гісторыю. Беларускім хірургам прыйшлося выпраўляць працу казахстанскіх калег. Бывае. Аперацыя ў Астане прайшла няўдала. Яго прынялі ў Мінску.

А вось Івану Працэнку ва Украіне не змаглі дапамагчы: перасадка органаў, якія не належаць сваякам, законам забароненая. Бацька пяцярых дзяцей не мог чакаць, зусім страціў надзею. Нават напісаў лісты прэзідэнтам - адгукнуўся толькі Лукашэнка.

Вядома, галоўная ўвага беларускім пацыентам. Для іх такая складаная аперацыя бясплатная. Для замежных грамадзян гэта платная паслуга. Штогод прымаюць у сярэднім не больш за тры дзясяткі пацыентаў з-за мяжы.

Гісторыю Колі з Рэчыцы краіна даведалася ў 2010, тады хлопчык стаў першым дзіцем, якому зрабілі роднасную перасадку печані. Донарам стаў тата. Сёння бацька гадуе школьніка, які захапляецца матэматыкай. І, дарэчы, дагэтуль захоўвае цацку, падораную тады Кіраўніком дзяржавы.

Дзіцячая трансплантацыя значна больш складаная за дарослыя выпадкі. Прыкладна паўсотні маленькіх пацыентаў за час працы цэнтра атрымалі другі шанц.

Аляксандр Лукашэнка гутарыць з тымі, хто прайшоў складаны шлях ад хваробы да нармальнага жыцця. Для Ліяны некалькі гадоў таму амаль што фатальным апынулася атручванне белай паганкай. Бабуля дзяўчынкі загінула, а саму Ліяну ледзьве выратавалі.

Штогод у свеце праходзіць 120 000 аперацый па перасадцы органаў. У Беларусі амаль паўтысячы за год. Часцей за ўсё пад замену трапляюць ныркі, печань, радзей - сэрца, лёгкія. Такія аперацыі каманда таленавітых урачоў змагла паставіць на паток. Гавораць, складана нешта рабіць першы раз. Вось зараз медыкі асвойваюць перасадку лёгкага. Зроблена толькі некалькі трансплантацый. Але вынік таго варты. Сёння па сілах беларускім дактарам і комплексны падыход, калі адразу перасаджваюць два органы.

Кожнае выратаванае жыццё важнае! За кароткі прамежак часу ў краіне з'явілася навуковая школа. Такія спецыялісты-трансплантолагі - унікальныя майстры.

Пастаянна ўдасканальваюць методыкі і тэхналогіі. Для працы падключаюць лабараторыю клеткавых тэхналогій. Прэзідэнт глядзіць, як яна працуе. Методыкі дазваляюць рабіць так, каб перасаджаны орган лепш прыжываўся і шматлікае іншае.

Цэнтр трансплантацыі працуе на базе 9-й клінічнай бальніцы. Комплекс мадэрнізуецца. Прэзідэнт даручыў разгледзець магчымасць будаўніцтва новага цэнтра.

Алег Румо, кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак: "Далейшае развіццё трансплантацыі, вядома, немагчыма без павелічэння колькасці выконваемых аперацый, без паляпшэння якасці падобных тэхналогій і без падрыхтоўкі высокапрафесійных каманд, у тым ліку і ў рэгіёнах, якія будуць здольныя прайграваць гэтыя тэхналогіі, а таксама здзяйсняць якаснае назіранне за пацыентамі, каб дасягаць сваёй галоўнай мэты - з безнадзейна хворага чалавека, смяротніка, зрабілі паўнавартаснага члена грамадства, які будзе здольны жыць, працаваць, нараджаць і выхоўваць дзяцей, весці нармальнае паўнавартаснае жыццё".

Транспланталогія - космас у медыцыне! Невыпадкова Алега Румо завуць у гэтай сферы Гагарыным. Яшчэ 10 гадоў таму рабілі 8 трансплантацый за год. Сёння - паўтысячы. За кожнай аперацыяй - лёс чалавека! Каманда цэнтра паставіла такую меддапамогу на паток. Гэта стала магчымым, калі тэма трансплантацыі трапіла ў поле зроку Прэзідэнта. Энтузіястаў-медыкаў пачуў Аляксандр Лукашэнка. І хоць дорага і складана, але тады было прынята прынцыповае рашэнне - транспланталогіі ў Беларусі быць! У 2010 годзе адкрыты быў спецыялізаваны цэнтр.

Распрацоўкі ўрачоў цэнтра дазволілі ім стаць сушукальнікамі Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Усяго па выніках 2016 года разглядаюць у якасці годных 12 праектаў. Прайшлі не ўсе. Прэзідэнт мог бы азнаёміцца з імі на паперы. Але Кіраўнік дзяржавы лічыць, што кожная з гэтых прац заслугоўвае ўвагі.

Больш як паўтара мільёна тон нафты штогод здабываюць у Беларусі. Радовішчы чорнага золата ў нашай краіне асвойваюць ужо больш як 50 гадоў. За гэты час створаная выдатная школа нафтавікоў. Айчынныя распрацоўкі і спецыялісты запатрабаваныя нават на іншым канцы свету - у Лацінскай Амерыцы. Аб'яднанне "Беларуснафта" вядзе здабычу вуглевадародаў у 60 месцах у Беларусі, у 13 у Венесуэле і у 5 у Расіі. Нядаўна запатэнтаваная тэхналогія, якая дазваляе павялічыць да 4 разоў аб'ёмы атрымання нафты з ужо старых свідравін. Тым самым істотна паляпшаецца эканоміка.

Ноу-хау нафтавікоў не прайшло ў фінал адбору прэтэндэнтаў на дзяржпрэміі. Прычына адмовы - не ўпісаліся ў адведзеныя па законе тэрміны прац. Аднак інавацыя - рэальная. Таму дзяржава знойдзе спосаб заахвоціць светлыя галовы.

Высокія тэхналогіі для лепшага жыцця. Так сябе сёння пазіцыянуе "Інтэграл". Гэта, бадай, адзінае айчыннае прадпрыемства, дзе гадавы выпуск прадукцыі вылічаецца мільярдамі штук. Сёння холдынг - найбуйнейшы вытворца мікрасхем і паўправадніковых прыбораў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Анатоль Панфіленка, галоўны інжынер ААТ "Інтэграл": "Сёння "Інтэграл" цалкам рэнтабельная вытворчасць. У нас ёсць грошы для пераабсталявання, да таго ж, нам яшчэ дзяржава дапамагае. І вось сёлета мы практычна пераабсталёўваем усю нашу зборку. Вось на адным участку, дзе мы зараз знаходзімся, у нас будзе стаяць самае сучаснае абсталяванне, якое будзе адрознівацца большай прадукцыйнасцю, і яно будзе забяспечваць адначасова як зборку мікрасхем для космасу, так і для тавараў агульнанароднага спажывання".

За апошнія 13 гадоў "Інтэграл" распрацаваў і стварыў каля дзвюх з паловай сотняў вырабаў двайнога і спецпрызначэння. Беларускія інавацыі знаходзяць сваё выкарыстанне ў ЗША, у Швейцарыі, у Германіі і ў Расіі.

Сёння "Інтэграл" разам з ААТ "Планар" і шэрагам ВНУ краіны ўваходзіць у адмысловы інавацыйна-прамысловы кластар. З 2003 года беларускі сектар мікраэлектронікі змог паставіць на экспарт прадукцыі больш чым на мільярд долараў. Тавары - мініятурныя, выгада - велічэзная.

А той жа "Інтэграл" - прадпрыемства з ужо 50-гадовай гісторыяй - у 90-я ды і ў пачатку 2000-х ледзь зводзіла канцы з канцамі. Сёння ж гэта вытворчасць сусветнага ўзроўню, якая не толькі не патрабуе ад дзяржавы падтрымкі, але і сама ўносіць важкі ўнёсак у папаўненне бюджэту. Праца групы навукоўцаў і менеджараў кластара мікраэлектронікі - адзін з галоўных прэтэндэнтаў на Дзяржпрэмію.

Харчовая бяспека і эфектыўная праца аграрыяў. Менавіта для гэтага створаны Нацыянальны банк генетычных рэсурсаў сельскагаспадарчых і лясных раслін. У гэтай скарбонцы сабрана 40 тысяч узораў. І беларусам тут ёсць чым ганарыцца.

Калекцыя дазваляе селекцыянерам выводзіць новыя тыпы раслін. З 2000 года такім чынам на палях краіны з'явілася амаль тысяча сартоў і гібрыдаў. Гэта дазваляе на імпартазамяшчэнні эканоміць дзясяткі мільёнаў долараў. Менавіта дзякуючы працы селекцыянераў у Беларусі можна будзе вырошчваць гарчыцу - не прыйдзецца закупляць за мяжой. Акрамя таго, спецыялісты прапануюць сеяць у краіне лубін. Гэтая расліна па сваіх якасцях выдатна замяняе сою, якую ў вялікіх аб'ёмах закупляюць звонку.

Цікавы праект - вырошчванне ягад у прамысловым маштабе на былых тарфяніках. Калі ягаду засушыць, атрымліваецца клюзюм. Карысна і неалергенна.

Адразу некалькі праектаў прапанаваў машынпрам. Знаходкай для агракомплексу могуць стаць машыны, які дазваляюць не распырскваць, а кропкава размяркоўваць угнаенні. Машыны "Амкадора" для лесанарыхтоўкі і, вядома, знакамітыя жодзінскія БелАЗы. Заслуга канструктараў завода - стварэнне самазвала з рэкорднай грузападымальнасцю.

У Гроднаграмадзянпраекта быў самы галоўны і адказны аб'ект - рэканструкцыя цэнтральнага аўтадарожнага моста цераз Нёман. Роўна сто гадоў стары мост служыў пакаленням гродзенцаў, злучаючы два крутыя нёманскія берагі і абедзве часткі горада ў адно цэлае. Пабудаваны ў 1908 г., па мерках таго часу ён з'яўляўся сапраўдным дасягненнем інжынернай думкі. Але за стагоддзе мост маральна і фізічна састарэў, стаўшы небяспечным. Быў распрацаваны арыгінальны праект, што ўвасабляўся ў рэкордна кароткія тэрміны ўпершыню ў рэспубліцы. А брэсцкія інжынеры былі ўдастоены ўвагі за распрацоўку металаканструкцый, якія дазваляюць трымаць скляпенні вялікіх будынкаў. Такія тэхналогіі ўжываліся будынку Накамі летняга амфітэатра ў Віцебску.

І важны праект гісторыкаў. Накшталт рукамі не памацаеш, але значэнне не меншае, чым дасягненне інжынернай думкі. Вывучэнне вытокаў беларускай дзяржаўнасці - стварэнне Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Па сутнасці, у 2017 годзе, аб’яўленым Годам навукі, навукоўцы і даследчыкі павінны паказаць усё, на што здольныя. Але зразумела і без гэтага, беларусы ўжо многага дабіліся. Поспехі ў медыцыне і ахове здароўя, сельскай гаспадарцы і прамысловасці немагчымыя без унёску і тых людзей, якія прывыклі сядзець круком над даследаваннямі і падлікамі. Іх праца, часам, і не бачная, але дзяржаве ў цэлым прыносіць каласальны эфект, а значыць і ўсім нам. Кожны з суіскальнікаў Дзяржпрэміі ў галіне навукі і тэхналогій, безумоўна, заслугоўвае асобнай увагі. Агенцтва тэленавін падрыхтуе серыю фільмаў аб усіх навуковых праектах. Бо пра ўнёсак навукоўцаў у наша з вамі жыццё павінны ведаць усе. І ганарыцца ёсць чым. І тут нават не так важна, хто канкрэтна атрымае запаветную прэмію, хоць заслугоўваюць яе абсалютна ўсе. Куды важней разуменне таго, што беларусам ёсць чым ганарыцца. А карпатлівая праца навукоўцаў - прыклад для пераймання і добрая матывацыя для астатніх.