Усебакова развіваць адносіны

10 декабря 2015

Беларусь разглядае В'етнам як аднаго з найважнейшых партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Прэзідэнтам В'етнама Чыонг Тан Шангам, якія прайшлі падчас візіту беларускага лідара ў гэтую краіну. Пазіцыі дзвюх краін цалкам супадаюць у большасці пытанняў міжнароднага парадку дня. Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, у краін ёсць вялізныя рэзервы для далейшага развіцця, першым чынам у гандлёва-эканамічнай сферы. Прэзідэнты Беларусі і В'етнама прынялі сумесную заяву аб умацаванні і ўсебаковым развіцці адносін паміж краінамі. Бакі падпісалі праграму супрацоўніцтва ў эканамічнай, навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах, а таксама шэраг дакументаў. А асноўная задача - на працягу двух гадоў давесці тавараабарот паміж краінамі да паўмільярда долараў. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоў, Беларусь разглядае В'етнам як плацдарм у Паўднёва-Усходняй Азіі, які дазволіць развіваць супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі рэгіёна.

Прэзідэнт Беларусі таксама правёў перамовы са старшынёй Нацыянальнага сходу В'етнама Нгуен Шынь Хунгам і прэм'ер-міністрам краіны Нгуен Тан Зунгам.