Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана пагутарылі адзін на адзін

11 декабря 2015

Працягваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан.

Учора Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перамовы з прэзідэнтам гэтай краіны. Гурбангулы Бердымухамедаў асабіста сустракаў Аляксандра Лукашэнку ля палаца "Агузхан". У 2009 палітыкі ўмовіліся сустракацца штогод. І строга прытрымліваюцца дамоўленасцяў, каб своечасова праводзіць рэвізію сумесных праектаў.

Пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы прэзідэнты пагутарылі адзін на адзін. Беларускі лідар падкрэсліў, што ўзаемны тавараабарот неабходна нарошчваць.

Акрамя гэтага, гаворка ішла пра Гарлыкскі горна-ўзбагачальны калійны камбінат. Яго беларусы будуюць у Туркменістане пад ключ. Аб'ект здадуць у тэрмін.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Туркменістанам па шырокім спектры кірункаў.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Так, сапраўды, у нас ёсць вызначаныя праблемы з падзеннем узаемнага тавараабароту, але для гэтага мы і сустракаемся, паколькі гэта фундамент нашых адносін. Мы бачым прычыны падзення яго, але і мы поўныя рашучасці аднавіць гэтыя гандлёва-эканамічныя адносіны. Для гэтага ўсё ёсць, мы, як дамовіліся, будуем тут магутны машынабудаўнічы цэнтр, гандлёвы вялізны дом. Мы ўжо маем дамоўленасці. Я з пасламі размаўляў Ірана, Афганістана. Мы будзем працаваць на іншыя рынкі, і яны выказваюць вялікую цікавасць".

Гурбангулы Бердымухамедаў, Прэзідэнт Туркменістана: "Як раз напярэдадні Вашага візіту адбылася міжурадавая камісія па эканамічным супрацоўніцтве, дзе мы прыцягваем і бізнес. Мы Вам удзячныя. У гэтыя дні ў Ашхабадзе праходзіць беларуска-туркменская выстава-кірмаш. Не толькі народу Туркменістана, але і гасцям мерапрыемства выпадзе добрая магчымасць вывучыць прадукцыю, якая была вырабленая ў Беларусі".

Падчас сустрэчы ў пашыраным складзе з удзелам дэлегацый Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Туркменістан для Беларусі - стратэгічны партнёр у Цэнтральнай Азіі. Гэта пацвярджаецца як канструктыўным двухбаковым узаемадзеяннем, так і ў рамках міжнародных арганізацый.

Кіраўнікі дзвюх дзяржаў прынялі сумесную заяву аб паглыбленні сяброўства і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Туркменістанам. Акрамя гэтага, краіны падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на наступныя два гады. Таксама склалі пагадненні аб узаемадзеянні па лініі МЗСаў, акадэмій навук, у лёгкай і харчовай прамысловасці. Чакаецца, што сёння лідары дзвюх краін наведаюць сумесную беларуска-туркменскую выставу-кірмаш.