Прэзідэнты Беларусі і Сербіі падпісалі сумесную заяву

19 ноября 2015

Тавараабарот у паўмільярда долараў. Такую планку ва ўзаемным гандлі павінны ўзяць Беларусь і Сербія ў найбліжэйшай перспектыве. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з сербскім калегам Томіславам Нікалічам.

Сербія наш стратэгічны партнёр на Балканах. Летась тавараабарот склаў чвэрць мільярда долараў. І гэта не мяжа, упэўнены Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Сербія вядзе перамовы аб уступленні ў ЕС, і гэта можа адчыніць дзверы ў Стары Свет для тавараў, вырабленых разам з беларусамі. У той жа час праз Мінск сербы бачаць выхад на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.

Афіцыйным перамовам папярэднічала падкрэслена сяброўская цырымонія сустрэчы ў Палацы Незалежнасці. Томіслава Нікаліча Аляксандр Лукашэнка сустракаў асабіста. Былі і абавязковыя атрыбуты афіцыйнага цырыманіялу - чырвоная дарожка, гімны дзвюх краін і рота ганаровай варты.

Сёння ж кіраўнікі дзяржаў пагутарылі ў пашыраным складзе. Адна з ініцыятыў Аляксандра Лукашэнкі - распрацоўка дарожнай карты супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі. Акрамя таго наша краіна гатовая на дзяржаўным узроўні падтрымліваць прапановы Сербіі па перспектыўных праектах у самых розных галінах.

Па выніках сённяшніх перамоў прэзідэнты падпісалі сумесную заяву. У дакуменце адлюстраваны мэты абноўленай стратэгіі супрацоўніцтва: павелічэнне тавараабароту і пошук новых магчымасцяў для эканамічнага ўзаемадзеяння. Па добрай традыцыі Томіслаў Нікаліч сёння пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей. Заўтра сербскі прэзідэнт наведае Мінскі трактарны завод і разам з Аляксандрам Лукашэнкам дасць старт знакаваму сумеснаму праекту - будаўніцтву шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Мір". Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.