Прэзідэнты Беларусі і Расіі прысутнічалі на адкрыцці новага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

2 июля 2014
Памяць пра вайну будзе жыць у стагоддзях - сёння гэтае абяцанне героям у Мінску загучала з падвоенай сілай. У незлічонай колькасці мерапрыемстваў і прысвячэнняў 70-годдзю вызвалення краіны сённяшняе, безумоўна, стаіць на асаблівым месцы. Людзям ваеннага пакалення мы абавязаныя ўсім: жыццём, мірам, воляй. Як сімвал бязмернай удзячнасці нашчадкаў у Мінску сёння ўрачыста адкрыўся новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод першых наведвальнікаў - прэзідэнты Беларусі і Расіі. Пра самую высокую цану, тую, якую заплаціў за Перамогу беларускі народ, гаворыць Аляксандр Лукашэнка. Час паспеў заараць траншэі на палях бітваў, аднак аслабіць памяць пра мужнасць і гераічнасць ён не здолеў.

На адкрыцці новага музея сёння ў гэтым яшчэ раз упэўнілася Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Новы музей ВАВ увесь працяты сімваламі. Па-першае, само месца. Побач - праспект Пераможцаў і стэла Мінск - горад-герой. Па-другое, ля ўваходу знаходзіцца фантан, з якога б'юць 170 бруй вады. Менавіта столькі населеных пунктаў у Беларусі было вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І нарэшце, на фасадзе будынка зіхацяць 11 промняў з нержавеючай сталі. Яны сімвалізуюць салют Перамогі і 1 100 дзён гітлераўскай акупацыі Беларусі.

Сімвалічна і тое, што напярэдадні 70-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці новы музей адкрываюць два прэзідэнты - Беларусі і Расіі. Бо многія экспазіцыі ствараліся ў супрацоўніцтве музеяў дзвюх краін: мінскага музея Вялікай Айчыннай вайны і музея Узброеных Сіл Расіі. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падняліся да стэлы Мінск - горад-герой і ўсклалі вянкі ў памяць аб гераічным подзвігу савецкіх воінаў.

Плошча новага музея ўражвае - каля 15 000 кв. м. На трох з іх размясціліся 10 экспазіцыйных залаў. У кожнай свая назва і свая тэматыка. Экскурсія двух прэзідэнтаў пачынаецца з залы Мір і вайна. Тут пад знакамітую песню-рэквіем, песню-малітву на вершы Расула Гамзатава Жураўлі на вялізнай сферы ў праекцыі паказаныя палітычная і геаграфічная карты свету, а таксама прыгожыя беларускія краявіды.

У другую залу кіраўнікі дзяржаў праходзяць праз сімвалічныя Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці. Менавіта яны прынялі першы ўдар вайны. На падлозе асноўныя гістарычныя даты: ад падпісання ў 1919 годзе Версальскага дагавору аб спыненні Першай сусветнай вайны і да вераломнага ўварвання на савецкую зямлю нямецкіх войскаў у 1941.

Над канцэпцыяй самай вялікай залы - Дарога войны - доўга думалі і працаўнікі музея, і архітэктары. Тут знаходзіцца арыгінальная ваенная тэхніка. Танкі, самалёты, легкавыя аўтамабілі - у кожнага свая гісторыя. Тут можна ўбачыць легендарны танк Т-34. Экіпаж 4 чалавекі, у боекамплекце 77 снарадаў і амаль 4 000 патронаў. І вядома, ноу-хау таго часу - шырыня гусеніц, якая забяспечвала большую праходнасць у параўнанні з нямецкімі танкамі.

А пад столлю - дакладная копія асноўнага хуткаснага знішчальніка Чырвонай арміі І-16, яму яшчэ далі мянушку Муха. Такіх знішчальнікаў да вайны выпусцілі каля 7 000. Сёння захаваліся адзінкі. Крыху далей - кукурузнік, ён жа нябесны ціхаход, ён жа старшына фронту. Менавіта на такіх лёталі лётчыцы знакамітага 46-га гвардзейскага Таманскага бамбардзіровачнага авіяпалка. Ён удзельнічаў у вызваленні Беларусі і быў знакаміты тым, што складаўся толькі з жанчын. За тое, што да цэлі яны падляталі з выключаным рухавіком, немцы ім далі мянушку начныя ведзьмы.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пабывалі і ў зале, прысвечанай партызанскай тэматыцы. Падчас акупацыі ў Беларусі ваявалі з ворагам амаль 400 000 партызан. Прычым разам з беларусамі, а яны складалі большасць - больш як 65%, ваявалі рускія - 25%, украінцы - каля 4% і прадстаўнікі іншых народаў Савецкага Саюза.
Пасля агляду музея прэзідэнты Беларусі і Расіі пакінулі запісы ў кнізе ганаровых гасцей.

У галоўнай зале музея, зале Перамогі, кіраўнікоў дзвюх дзяржаў чакалі галоўныя героі свята - ветэраны. Аляксандр Лукашэнка цяпло павітаў кожнага. Звяртаючыся да іх, Прэзідэнт Беларусі ўспомніў пра бясстрашных абаронцаў Брэсцкай крэпасці і Магілёва, пра мінскае падполле і беларускіх партызанаў. Пра ўсіх тых, хто мужна змагаўся за волю і незалежнасць сваёй краіны, не шкадуючы свайго жыцця.

Музей Вялікай Айчыннай вайны - унікальны. Яго пачалі ствараць яшчэ падчас вайны - у 1943. Сёння тут сабрана больш за 140 000 экспанатаў. І сёння з'явіліся новыя. У гонар адкрыцця Аляксандр Лукашэнка падарыў музею сімвалічны памятны меч - знак мужнасці і адвагі салдатаў-вызваліцеляў Мінска. А Уладзімір Пуцін паднёс у дар рарытэтнае выданне газет ліпеня 44-га, у якіх паведамлялася пра вызваленне Беларусі.