Прэзідэнты Беларусі і Расіі дамовіліся да новага года правесці яшчэ адну сустрэчу для прыняцця рашэнняў

25 декабря 2018

У Маскве некалькі гадзін таму завяршыліся перамовы прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Размова доўжылася каля чатырох гадзін. Раней бакі дамовіліся да канца гэтага года вырашыць усе спрэчкі і недамоўкі ў саюзных адносінах. Мінску і Маскве ёсць што пакласці ў скарбонку: тавараабарот за 2018 павялічыўся на 23 % і перавысіў 32 мільярды долараў. Вядома, застаюцца і адчувальныя пытанні - ад цаны на газ да нафтавага падатковага манеўру. Апошнія гады Расія зніжае экспартную пошліну на чорнае золата, а вось падатак на здабычу павышае. Праз такія дзеянні наша краіна ўжо недаатрымала некалькі мільярдаў долараў. З 2019 года сваім нафтаперапрацоўчым заводам Масква кампенсуе страты, а вось нашы НПЗ аказваюцца ў прыкметным пройгрышы. Але ісці трэба поплеч як у палітычным, так і ў эканамічным плане. Самі перамовы праходзілі за зачыненымі дзвярамі.

Аднак прэс-сакратар нашага Прэзідэнта Наталля Эйсмант падзялілася падрабязнасцямі перагаворнага працэсу: "Прэзідэнцкія перамовы, безумоўна, можам назваць канструктыўнымі. Прэзідэнты абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў нашага агульнага парадку дня. Ацэньваючы ў цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у першую чаргу як адназначна пазітыўны быў адзначаны рост тавараабароту. Сярод іншых найбольш актуальных тэм, якія абмяркоўваліся сёння, былі і цэнаўтварэнне на газ, работа нафтаперапрацоўчага сектара, ва ўмовах падатковага манеўру, які праводзіцца Расіяй, пастаўкі нашых прадуктаў харчавання на расійскі рынак. Як вынік - пазіцыі збліжэныя па ўсіх пытаннях. Акрамя таго, прэзідэнты асабліва падчас сустрэчы адзін на адзін, падвергнулі сур'ёзнаму аналізу дамоўленасці ў рамках Саюзнай дзяржавы, іх рэалізацыю. Было адзначана адставанне па некаторых пазіцыях і пазначаныя намеры дадзеныя працэсы актывізаваць (гэта тычыцца, напрыклад, правядзення адзінай узгодненай прамысловай палітыкі.) У выніку кіраўнікі дзяржаў дамовіліся да новага года правесці яшчэ адну сустрэчу для прыняцця рашэнняў, якія адкладваць нельга. У першую чаргу, гэта звязана з жаданнем Прэзідэнта Расіі ўглыбіцца ў сутнасць іх праблем, каб знайсці шляхі іх рашэння. Дата дадзенай сустрэчы будзе ўзгодненая дадаткова з улікам графікаў кіраўнікоў краін"

Зрэшты, эксперты чакаюць, як і ў мінулыя гады, снежаньскія дыялогі дазволяць знайсці пункты судотыку і закрыць нявырашаныя пытанні.

З Масквы наш палітычны аглядальнік Вольга Макей. 

Пераднавагодняя Масква сёння больш нагадвае мурашнік. Дарожныя заторы ў гэтыя дні - звычайная справа: перад святамі ўсе імкнуцца купіць падарункі блізкім, ды і проста зрабіць даўно запланаваныя справы. Зрэшты, такая традыцыя і ў палітыцы: нявырашаныя пытанні неяк не прынята пераносіць у новы год. Тым больш у адносінах паміж блізкімі партнёрамі і саюзнікамі.

25 снежня. Правесці сустрэчу менавіта ў гэты святочны дзень прапанаваў Уладзімір Пуцін. Дарэчы, у Расіі сёння рабочы дзень у адрозненне ад Беларусі. Але ў палітыцы не бывае выхадных.

Борт нумар 1 з Мінска ў маскоўскім Унукаве прызямляецца каля паўдня. За год для беларускага лідара гэта ўжо сёмы рабочы візіт у Расію. Памятаеце, з Уладзімірам Пуціным некалькі разоў бачыліся і на перамовах у Сочы, і ў Маскве на чэмпіянаце па футболе, і нядаўна ў Піцеры за сталом еўразійскай "пяцёркі". Наогул, у 2018 гэта ўжо 12-я сустрэча прэзідэнтаў. Шмат? Так, здаецца, гэта рэкорд, улічваючы яшчэ і 8 тэлефонных размоў. Але ж мы жывем у адным саюзным доме, а ў добрых гаспадароў з суседзямі прынята часта сустракацца.

Пра такую сустрэчу ў двухбаковым саюзным фармаце прэзідэнты дамовіліся як раз на палях піцерскага саміта еўразійскай "пяцёркі". Паміж Мінскам і Масквой засталіся пытанні, з рашэннем якіх зацягваць не хочацца нікому. І галоўнае пазначыў Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыясупольнасці - гэта пытанне расійскага падатковага манеўру. Які не крытычна, але ўсё ж адбіваецца на беларускай эканоміцы.

Каб расставіць усе кропкі над "і" ў гэтым самым манеўры і абмеркаваць іншыя пункты саюзнага парадку дня, сустрэча праходзіць з удзелам некаторых профільных міністраў і віцэ-прэм'ераў. Па сутнасці, у спісе тэм да перамоў нічога новага, усё гэта кіраўнікі дзяржаў ужо абмяркоўвалі і нібыта дамовіліся. Але рэалізацыя захраснула, нібы ў маскоўскім заторы. Чаму? Гэтае пытанне наш Прэзідэнт напярэдадні задаваў у Палацы Незалежнасці, сёння мае намер пачуць адказ і ў Крамлі.

Падчас чакання прэзідэнтаў расійская частка дэлегацыі пра штосьці актыўна гутарыць, але відаць, настрой рабочы. Вось Сілуанаў і Козак нават выйшлі за дзверы, дзе няма тэлекамер. Таму пра што гаварылі невядома. Знялі напружанне кіраўнікі дзяржаў, якія з'явіліся ў так званым прадстаўніцкім кабінеце Крамля ў добрым настроі.

Сустрэчу пачынае Уладзімір Пуцін. Традыцыйна з лічбаў. За мінулы год Мінск і Масква амаль на чвэрць павялічылі тавараабарот. Пазітыўную тэндэнцыю захавалі і ў 2018.

Адно з дасягненняў - гэта цесная кааперацыя беларускіх і расійскіх прамыслоўцаў. Таму важна ў агульным саюзе стварыць для іх роўныя ўмовы.

Яшчэ да сустрэчы Аляксандр Лукашэнка гэтыя перамовы заве няпростымі. Сапраўды, пытанні вострыя. І калі па газе на будучы год дамовіліся, хоць і ўдвая даражэй, чым у Расіі, то нафтавы падатковы манеўр пакуль павіс у паветры.

Нагадаем сутнасць: з 2015 года ў Расіі экспартная пошліна на чорнае золата зніжаецца, але прапарцыйна расце падатак на здабычу. І такім чынам, за тры гады Беларусь ужо недаатрымала некалькі мільярдаў долараў. З боем курантаў сваім нафтаперапрацоўшчыкам Расія будзе кампенсаваць страты, але тады беларускія НПЗ аказваюцца ў пройгрышы. А дамаўляліся ж на саюзным полі гуляць па роўных правілах. Спецыялісты падлічылі: да 2024 года Беларусь можа страціць амаль што 11 мільярдаў долараў. Менавіта таму манеўраваць саюзнікам трэба разам.

На сённяшняй сустрэчы прэзідэнты ўмовіліся перш выслухаць свае каманды, якія распрацавалі розныя варыянты рашэння пытанняў, а пасля працягнуць размову тэт-а-тэт.

У наступным годзе цана расійскага манеўру для нашай эканомікі - некалькі сотняў мільёнаў долараў. Але для краіны гэта не катастрофа, гаварыў Аляксандр Лукашэнка. Бюджэт на 2019 звярстаны так, што падатковы манеўр на дзяржаўным кашальку і кашальках беларусаў ніяк не адаб'ецца. Бюджэт менавіта сацыяльна арыентаваны. І, як скажа сёння наш Прэзідэнт, усе пытанні важна вырашыць у інтарэсах жыхароў абедзвюх краін.

Сучасны свет такі, што адносіны паміж дзяржавамі ўцягнутыя ў глабальныя эканамічныя працэсы, якія дадаюць сваю лыжку дзёгцю. Аб агульных сусветных праблемах Уладзімір Пуцін гаварыў і на нядаўняй прэс-канферэнцыі, за якой сачылі і ў Беларусі.

Сёння прэзідэнты дэталёва абмеркавалі ўсе пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Падатковы манеўр, цэнаўтварэнне на газ, пастаўкі прадукцыі. Падчас перамоў, якія доўжыліся больш за тры гадзіны, атрымалася зблізіць пазіцыі.

Безумоўна, у саюзных адносінах спрэчныя пытанні ўзнікаюць. Не бывае іх, як гаворыцца, у тых, хто нічога не робіць. Менавіта таму і сустракаюцца лідары так часта, каб у дыялогу, за адным сталом шукаць рашэнне самых няпростых пытанняў.