Прэзідэнту сёння падалі праект дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі"

11 декабря 2017

Адзін з прыярытэтаў развіцця Беларусі - лічбавая трансфармацыя эканомікі. Аб гэтым, а таксама аб прасоўванні інфармацыйных тэхналогій сёння гаварылі на нарадзе ў Прэзідэнта.

Рашэнне аб стварэнні так званай IT-краіны было прынята ўвесну, і сёння спецыялісты прапанавалі праект дэкрэта, у якім прадугледжаны шэраг перадавых пунктаў для ўсходнееўрапейскага рэгіёна. Беларусь можа стаць адной з першых у свеце, дзе юрыдычна будзе замацавана паняцце блакчэйну. Гэта прынцыпова новы кірунак у сферы лічбавых тэхналогій, які на дзяржаўным узроўні развіваюць толькі некаторыя краіны. Да прыкладу, Японія, Швейцарыя і Сінгапур. Новы дэкрэт адкрывае Беларусь для замежных інвестыцый і дае ўнікальныя веды і вопыт у выкарыстанні тэхналогій крыптавалют. Прэзідэнт падкрэсліў, што тармазіць гэтыя працэсы ніхто не будзе, і рэалізацыя вызначанага будзе залежаць ад саміх прадстаўнікоў IT-сферы. Яны ў імкненні атрымаць прыбытак на новай хвалі не павінны забываць і аб інтарэсах дзяржавы, якая стварае ўмовы для працы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.