Прэзідэнту прадэманстравалі ўзоры параднай і спартыўнай формы беларускіх атлетаў і валанцёраў на II Еўрапейскіх гульнях

2 октября 2018

Сёння ў Палацы Незалежнасці Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі ўзоры параднай і спартыўнай формы беларускіх атлетаў і валанцёраў на II Еўрапейскіх гульнях. Калекцыі прадставілі міністр спорту Сяргей Кавальчук, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Андрэй Асташэвіч, дызайнер Юлія Латушкіна і генеральны дырэктар прадпрыемства "Сола-Пінск" Васіль Гарагляд. Спартыўная экіпіроўка, у якую ўваходзіць 19 найменняў, была распрацаваная і пашытая менавіта на гэтай фабрыцы. Аўтарам ідэі формы валанцёраў, удзельнікаў эстафеты алімпійскага агню, а таксама парадна-грамадзянскага адзення беларускіх спартсменаў і ўбору ўзнагароднай групы выступіла Юлія Латушкіна. За ідэю распрацоўкі сваіх мадэляў дызайнер узяла стылізаваны сюжэт дрэва жыцця, у якім знайшлі адлюстраванне беларуская вышыванка і сімвалы відаў спорту. Аглядаючы ўзоры, Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу надаў колеравым адценням экіпіроўкі спартсменаў, а таксама выяве герба краіны на форме атлетаў.

Таксама падчас прэзентацыі Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чаму форму для беларускіх спартсменаў і валанцёраў не змаглі распрацаваць дзяржаўныя прадпрыемствы і іх дызайнеры. Як паведамілі Прэзідэнту, у конкурсе яны ўдзельнічалі, аднак не змаглі выйграць яго, таму што саступілі ў многіх канкурэнтных параметрах прыватным прадпрыемствам. Паказаная спартыўная экіпіроўка стане даступнай для кожнага беларуса. Для валанцёраў будзе пашыта каля 10 000 камплектаў формы, для спартсменаў плануюць выпусціць 500 камплектаў. Першымі форму ІІ Еўрапейскіх гульняў надзенуць удзельнікі эстафеты алімпійскага агню, яна стартуе ў Брэсце за 50 дзён да пачатку мультыспартыўнага форуму.