Прэзідэнту прадэманстравалі праект "Магазіны ля дома"

8 сентября 2017

Развіццё гандлёвай сеткі ў Беларусі абмяркоўвалі сёння падчас рабочай сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй савета дырэктараў "Тытунь-інвест" Паўлам Тапузідзісам.

Прэзідэнту быў прадэманстраваны праект "Магазіны ля дома". Ён прадугледжвае будаўніцтва ў краіне гандлёвых аб'ектаў, прычым як невялікіх крам, так і буйных цэнтраў. Зараз ідзе будаўніцтва ўнікальнага комплексу ў Шклове. Праект уключае супермаркет, кінатэатр і кафэ тыпу фуд-корт. Комплекс стане размеркавальным цэнтрам для забеспячэння магазінаў у Шклоўскім раёне, а таксама будзе выконваць заказы пакупнікоў, дзе адсутнічаюць гандлёвыя аб'екты. Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адобрыў гэтыя прапановы. Падчас гутаркі Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на арганізацыю гандлю на сяле і ў невялікіх раённых гарадах. Прэзідэнт лічыць неабходным і тут ствараць канкурэнтнае асяроддзе, што будзе спрыяць зніжэнню цэн і павышэнню якасці абслугоўвання вяскоўцаў.

Праект "Магазіны ля дома" накіраваны на развіццё гандлёвай сеткі ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Асноўная задача - змяніць практыку абслугоўвання жыхароў сельскай мясцовасці, зрабіць для іх даступным той асартымент тавараў, які ёсць у гіпермаркетах абласных гандлёвых цэнтраў. Літаральна за некалькі гадоў "Тытунь-інвест" пабудаваў у Беларусі 26 магазінаў плошчай ад 160-ці да паўтары тысячы квадратных метраў. Зараз ідзе будаўніцтва яшчэ аднаго магазіна ў Копысі.