Аляксандру Лукашэнку паказалі ўзоры формы беларускіх атлетаў і валанцёраў на II Еўрапейскіх гульнях

2 октября 2018

У Палацы Незалежнасці Кіраўніку дзяржавы былі прадэманстраваны ўзоры параднай і спартыўнай формы беларускіх атлетаў і валанцёраў на II Еўрапейскіх гульнях. Да мультыспартыўнага форуму засталося 262 дні. Спартыўная экіпіроўка, у якую ўваходзіць 19 найменняў, была распрацавана і пашыта на фабрыцы Пінска.

Расказвае Станіслаў Ліпскі.

Вось гэтую спартыўную форму шматлікія пазнаюць у свеце дзякуючы медальным выступленнямі зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ.

Зусім нядаўна нашы васількі толькі на п'едэстале планетарнага форуму ў Партугаліі ўбачылі 8 разоў.

Аматарам тэніса знаёмы вось гэты варыянт спартыўнай экіпіроўкі: мужчынская зборная краіны выступае ў ёй у Кубку Дэвіса, жаночая - у Кубку Федэрацыі.

Абодва варыянты - распрацоўка беларускай прыватнай кампаніі "Сола-Пінск", гандлёвая марка якой вось ужо 15 гадоў на рынку паспяхова канкурыруе з замежнымі пастаўшчыкамі.

Высакаякасная тканіна, сучасныя тэхналогіі вытворчасці і яркі дызайн - складальнікі поспеху. Як вынік, менавіта гэтае прадпрыемства выйграла права распрацаваць і пашыць экіпіроўку для зборнай краіны на II Еўрапейскіх гульнях.

Спорту ў Беларусі ўвага павышаная, таму прэзентацыю ўзораў праводзяць у Палацы Незалежнасці.

Тут жа Юлія Латушкіна - вядомы дызайнер, аўтар ідэі формы валанцёраў, удзельнікаў эстафеты алімпійскага агню, а таксама парадна-цывільнага адзення беларускіх спартсменаў і ўбору ўзнагароднай групы.

У калекцыі для зборнай краіны 19 найменняў пад агульнай назвай "Прастора". Увасабляе форма беларускія бязмежныя прасторы, чысціню вады, урадлівасць зямлі, яркае сонца.

Аб дэталях кожнага элемента дакладвае генеральны дырэктар прадпрыемства Васіль Гарагляд.

Менавіта на вытворчасці ў Пінску пашыты і камплекты для спартсменаў, і для валанцёраў, і для факеланосцаў.

Аглядаючы прапанаваныя ўзоры, Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу надаў колеравым адценням экіпіроўкі спартсменаў, а таксама малюнку герба краіны на форме атлетаў.

Таксама падчас прэзентацыі Кіраўнік Дзяржавы пацікавіўся, чаму форму для беларускіх спартсменаў і валанцёраў не змаглі распрацаваць дзяржаўныя прадпрыемствы і іх дызайнеры. Першы віцэ-прэзідэнт НАКа Андрэй Асташэвіч падкрэслівае, што ў конкурсе яны ўдзельнічалі, аднак не змаглі выйграць яго, таму што саступілі па шматлікіх канкурэнтных параметрах прыватным прадпрыемствам. 

Недахопы ў экіпіроўцы Прэзідэнту паабяцалі ў самыя кароткія тэрміны ліквідаваць. Зразумела, кожнае змяненне будуць абмяркоўваць са спартсменамі - іх камфорту і зручнасці прыярытэт. Васіль Гарагляд падкрэсліў, што прапанаваная спартыўная экіпіроўка стане даступнай для кожнага беларуса.

Адзначым, кожны яе элемент ўвязаны ў адзіную стылістыку лагатыпа II Еўрапейскіх гульняў.

Старая добрая ісціна, што менавіта па адзенні сустракаюць - пастулат, якому павышаную ўвагу надае кожная краіна - гаспадыня буйнога мультыспартыўнага форуму, тым больш такога, як Еўрапейскія гульні. Усмешка нашых валанцёраў і іх форма - першае, што ўбачаць госці і ўдзельнікі спаборніцтваў у Мінску ў чэрвені 2019, і першае, што запомняць на ўсё жыццё, а пазней распавядуць сваіх сябрам і блізкім аб Беларусі. Таму ў гэтым пытанні дробязяў не бывае - мы разам пішам спартыўную гісторыю Еўропы і разам сфарміруем меркаванне аб нас на планеце, а колеры жыцця, прыгажосці, сілы, міру, чысціні і дабрыні нам у гэтым адназначна дапамогуць.