Прэзідэнт чакае ад Мінгарвыканкама сур'ёзнай барацьбы з бюракратыяй і карупцыяй

20 декабря 2018

Вялікая нарада пра лёс вялікага горада. Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з актывам Мінгарвыканкама. Нявырашаных задач і пытанняў сабралася шмат.

Ад комплекснай забудовы Мінска і разумнага карыстання гарадской прасторай да стварэння непаўторнага вобраза еўрапейскай сталіцы і дабрабыту гараджан. Задача перад горадам - шчыльная праца з насельніцтвам. Зарплата нізкааплатных галін павінна быць павышана, як і прывабнасць самога Мінска для кашалькоў беларусаў. Не сакрэт, што многія едуць за мяжу і трацяць зберажэнні там. А ўся справа часам у няроўнай канкурэнцыі і толькі сімвалічных скідках на тавары. Задача для мясцовай улады - стварыць такія ўмовы, каб людзям хацелася траціць грошы ў сваім горадзе.

Прэзідэнт Беларусі чакае ад Мінгарвыканкама і сур'ёзнай барацьбы з бюракратыяй і карупцыяй. Асабліва гэта тычыцца іх падшэфных арганізацый. Сёння на нарадзе аб маштабах карупцыйнай праблемы Аляксандру Лукашэнку далажыў кіраўнік КДБ. Адной з асноўных прычын сітуацыі, што склалася, Валерый Вакульчык назваў патуранне з боку гарадской улады, якая сама ж стварыла спрыяльнае асяроддзе для карупцыі.

 

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ні адзін факт карупцыі не можа застацца незаўважаным, рана або позна вінаватых прыцягнуць да адказнасці. Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць прапановы, якім чынам узмацніць спагнанне за гэтыя злачынствы, што падрываюць аўтарытэт гарадской улады і кідаюць цень у тым ліку і на прыстойных супрацоўнікаў.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён незадаволены працай Мінскага гарвыканкама. Менавіта гэта і стала прычынай сённяшняй нарады. Дзейнічаць, адзначыў Прэзідэнт, трэба на апярэджанне, пачынаючы з падбору і расстаноўкі кадраў. Працаваць павінны толькі людзі, якія сапраўды могуць забяспечыць Мінску ўстойлівае эканамічнае і сацыяльнае развіццё.