Прэзідэнт заслухаў даклад аб стымуляванні дзелавой ініцыятывы

8 августа 2017

Канчатковыя дакументы па развіцці бізнесу ў Беларусі павінны быць дакладна выверанымі і цалкам адказваць інтарэсам краіны. Сёння пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб выкананні даручэнняў па стымуляванні дзелавой ініцыятывы.

Умовы для бізнесу абмяркоўваюцца на вышэйшым узроўні рэгулярна. У студзені Кіраўнік дзяржавы стварыў рабочую групу па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці. У выніку падрыхтаваны пакет дакументаў з навацыямі для эканомікі. Фактычна, гэта кодэкс аб спрашчэнні вядзення бізнесу. Ён вырашае шматлікія актуальныя пытанні - праверкі, рэгістрацыі, адміністрацыйныя працэдуры. Новаўвядзенні такія: апавяшчальны прынцып пачатку дзейнасці і сістэма выбарачных праверак. Аляксандр Лукашэнка заклікаў прадпрымальнікаў быць сацыяльна адказнымі і працаваць не толькі на сябе, але і на карысць краіны.

Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць пакет дакументаў да кастрычніка. У ім 9 законапраектаў. Кіраўнік дзяржавы ў цэлым іх адобрыў. Тым не менш іх дапрацуюць. Прэтэнзіі Прэзідэнта тычыліся лексікі. Тэрміналогію неабходна зрабіць зразумелай, на мове сучаснага бізнесу. Ключавы з дакументаў - праект Дэкрэта "Аб развіцці прадпрымальніцтва". Ён зацвярджае агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі - зараз дзейнічае 586 пунктаў, захаваюць толькі 58. І санітарна-эпідэміялагічныя - іх больш за 1100, а ў праекце дэкрэта ўсяго 81 пункт. Таксама адкарэктаваны патрабаванні па экалогіі і ветэрынарыі. З 2018 года па 2020 плануецца ўстанавіць мараторый на павышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых збораў і пошлін. Падрабязнасці нарады ў Палацы Незалежнасці - у нашых наступных выпусках.