Прэзідэнт: за два гады неабходна давесці сярэднюю зарплату ў аграсектары да тысячы рублёў

22 июня 2018

Продаж сельгаспрадпрыемстваў прыватнікам магчымы, але пры жалезнай умове, што вясковец не будзе пакрыўджаны. Размова пра тое, каб праца забяспечвала тэхналагічны працэс і годна аплачвалася.

Якасць жыцця на сяле сёння абмяркоўвалі на нарадзе з Прэзідэнтам у Шклоўскім раёне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія 15 гадоў удалося не толькі выратаваць і аднавіць аграсектар, але і забяспечыць неабходныя сацыяльныя стандарты. Увесь гэты час дзейнічае праграма мадэрнізацыі АПК. Далейшае развіццё галіны цалкам магчыма пры ўдзеле прыватнага капіталу. Але галоўнае - годныя ўмовы працы і зарплата па заслугах. І тут арыенцір ад Кіраўніка дзяржавы: за два гады давесці сярэднюю зарплату ў аграсектары да тысячы рублёў.

Сёння Кіраўнік дзяржавы наведаў і гаспадаркі аграхолдынга "Купалаўскае". У цэнтры ўвагі - рэалізацыя задач па стварэнні эфектыўнага інтэграванага сельгасаб’яднання з поўным цыклам вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі на базе гаспадарак Шклоўскага раёна. Холдынг "Купалаўскае" зарэгістравалі год таму. У яго складзе тры арганізацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што цяперашнія ўмовы дыктуюць новыя правілы працы ў аграрнай сферы.

Падчас наведвання комплексу "Вялікія Славені" Прэзідэнт дэталёва цікавіўся арганізацыяй працы і звярнуў увагу на тое, што паўсюдна неабходна браць на ўзбраенне лепшыя перадавыя тэхналогіі, арыентуючыся на эфектыўнасць. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб захаванні працоўнай дысцыпліны, а таксама адзначыў цэлы шэраг недапрацовак пры развіцці комплексу. У першую чаргу гэта знешні і ўнутраны выгляд памяшканняў для ўтрымання жывёлы.