Тэхналагічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва павінна стаць галоўным рухавіком беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з членам Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая. Мэн Цзяньчжу ўваходзіць у найбліжэйшае асяроддзе старшыні КНР, з'яўляецца спецыяльным прадстаўніком Сі Цзіньпіна. У Мінск ён прыбыў з вялікай дэлегацыяй, у асноўным гэта міністэрскі корпус. Узаемны тавараабарот паміж краінамі зараз перавышае тры мільярды долараў. А ўзровень крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва набліжаецца да 20. "БелДжы", крэдытаванне праектаў Беларускай чыгункі, мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната. Але, безумоўна, самы амбіцыйны праект - сумесны індустрыяльны парк "Вялікі камень". Візіт спецпасланніка старшыні КНР - гэта яшчэ і важны крок на шляху паглыблення і развіцця ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, падрыхтоўка дзяржаўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Ён запланаваны на канец верасня.
Мэн Цзяньчжу, член Палітбюро, сакратар палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК Кампартыі Кітая:
"Спадар Прэзідэнт, хачу перадаць вам найлепшыя пажаданні ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Ён з нецярпеннем чакае вашага візіту ў Пекін. Я цалкам падзяляю і вашу высокую ацэнку нашых узаемаадносін, якія носяць усёабдымны характар і тычацца розных галін. Мы рашуча падтрымліваем адзін аднаго па найважнейшых праблемах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. І мы спадзяёмся на эфектыўную працу тут, у Беларусі, якая стане ўнёскам у развіццё традыцыйна дружалюбных двухбаковых адносін Беларусі і Кітая".
З 2013 года паміж Мінскам і Пекінам усталявана ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. Падтрымліваць высокі ўзровень адносін дапамагаюць частыя кантакты лідараў дзвюх краін.
Сёлета Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін сустракаліся ўсяго пару месяцаў таму на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Летась старшыня КНР на некалькі дзён прылятаў у Мінск з афіцыйным візітам. Пекін у 2015 наведаў і Аляксандр Лукашэнка. Як вынік расце і сумесная эканоміка.
Сёлета гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва чакае дадатковы бонус. Яшчэ адзін з прыярытэтаў стратэгічнага партнёрства - актыўнае рэгіянальнае ўзаемадзеянне. Падрабязнасці рабочага дня Кіраўніка дзяржавы ў наступных выпусках.













