Прэзідэнт сустрэўся з удзельнікамі Свяшчэннага Сінода Рускай і Беларускай праваслаўных цэркваў

15 октября 2018

Міжканфесійны мір і інтэграцыя царквы ў сацыяльныя працэсы. Духоўная размова адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з удзельнікамі Свяшчэннага Сінода Рускай і Беларускай праваслаўных цэркваў. Высокі аўтарытэт і рознабаковая дзейнасць царквы заўсёды выступалі залогам стабільнасці на беларускай зямлі. А ў цесным узаемадзеянні з дзяржавай яе стваральная сіла прыносіць яшчэ і несумнеўны ўклад, прычым не толькі ў рэлігійным аспекце. Гаворка ідзе і пра стварэнне дамоў міласэрнасці, пашырэнне дабрачыннай і культурна-асветніцкай дзейнасці.

Зрэшты, гаварылі сёння не толькі аб дасягненнях, але і аб праблемах. Падрабязнасці - у Ілоны Красуцкай.

Увесь мінулы тыдзень мы часта згадвалі Палац Незалежнасці як перагаворную пляцоўку. Міжнародная канферэнцыя па бяспецы, візіт буйных еўрапейскіх палітыкаў. Але самыя гучныя заявы тут зыходзяць не толькі ад найвышэйшага істэблішменту - людзей самых розных рангаў, і гэта толькі ўзмацняе статус гэтай лакацыі - месца для ўсебаковага дыялогу. Сёння тут гучыць голас прадстаўнікоў духавенства.

У гэтыя дні ў Мінск прыбылі 12 іерархаў найвышэйшага выканаўчага органа Рускай праваслаўнай царквы, каб прыняць удзел у пасяджэнні Свяшчэннага Сінода. Падзею яшчэ загадзя назвалі ўнікальнай, бо яна ўпершыню праходзіць за межамі Расіі. Да таго ж яна супала з візітам Патрыярха Кірыла. Уладыка прыбыў на беларускую зямлю ў рамках святкавання 1030-годдзя Хрышчэння Русі. У нашай краіне Патрыярх Кірыл ужо пяты раз. І па традыцыі штораз сустракаецца з Прэзідэнтам Беларусі.

Патрыярх Кірыл раней служыў Архіепіскапам Смаленскім і Калінінградскім і часта праездам бываў у Беларусі. Да таго ж з нашай краінай Уладыку злучае асабістая гісторыя сям'і. Яго родны дзядзька загінуў ля сцен Брэсцкай крэпасці падчас Другой сусветнай вайны. Здавалася б, гэтыя ўрокі, урокі вайны павінны быць засвоеныя. Але, гледзячы на апошнія падзеі ў свеце, становіцца зразумела: асабістыя амбіцыі па-ранейшаму бяруць верх - у прамым сэнсе ўмешваюцца ў самае сакральнае.

Беларусы - нацыя талерантная і верацярпімая. У краіне мірна жывуць прадстаўнікі розных канфесій: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, мусульмане, іудзеі. Візіт найвышэйшага духавенства Рускай праваслаўнай царквы ў Мінск - гэта яшчэ і прызнанне палітыкі міру і згоды, якую Беларусь праводзіць у краіне і на міжнароднай арэне. Час і месца для сустрэчы, сапраўды, падабраны як нельга лепш.

Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з членамі Свяшчэннага Сінода Рускай і Беларускай праваслаўных цэркваў. Гэты факт дэманструе, што ў сучасным свеце дзяржава і царква блізкія як ніколі. У той час, калі планету час ад часу скалынаюць войны і канфлікты, у свецкага і духоўнага мэта адна - зрабіць так, каб людзі розных вер і нацыянальнасцяў існавалі ў міры і згодзе.

Праваслаўная царква сёння павінна не толькі актыўна ўдзельнічаць у сацыяльных працэсах, але і садзейнічаць умацаванню міжканфесійнай згоды. Не замоўчваць праблемы. А наша краіна заўсёды гатовая падаць пляцоўку для канструктыўнага дыялогу.