Прэзідэнт сустрэўся са старшынёй савета дырэктараў "Тытунь-інвест"

8 сентября 2017

Развіццё гандлёвай сеткі ў рэгіёнах Беларусі стала сёння асноўнай тэмай сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй савета дырэктараў "Тытунь-інвест" Паўлам Тапузідзісам.

Нямала гаварылі аб сацыяльнай адказнасці бізнесу. Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на арганізацыю гандлю на сяле і ў невялікіх раённых гарадах. Прэзідэнт лічыць неабходным і тут ствараць канкурэнтнае асяроддзе, што будзе спрыяць зніжэнню цэн і павышэнню якасці абслугоўвання. Адзін з самых уплывовых беларускіх бізнесменаў сам родам з вёскі, таму тэма падтрымкі сельскага насельніцтва яму вельмі блізкая і пастаянна знаходзіць адлюстраванне ў бізнесе. Прыклад таму - пілотны праект "Магазіны ля дома". Ён прадугледжвае будаўніцтва гандлёвых аб'ектаў, прычым як невялікіх магазінаў, так і буйных цэнтраў у аддаленых кутках краіны. Адзін з першых аб'ектаў - унікальны комплекс у Шклове. Праект плошчай каля 3 тысяч квадратных метраў уключае супермаркет, кінатэатр і кафэ тыпу "фуд-корт". Комплекс стане размеркавальным цэнтрам для забеспячэння магазінаў у Шклоўскім раёне, а таксама будзе выконваць заказы пакупнікоў там, дзе адсутнічаюць гандлёвыя аб'екты.

Праект "Магазіны ля дома" скіраваны на развіццё гандлёвай сеткі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Асноўная задача - змяніць звыклую практыку абслугоўвання жыхароў сельскай мясцовасці, зрабіць для іх даступным той асартымент тавараў, які прапанаваны ў гіпермаркетах абласных гандлёвых цэнтраў. Усяго за пару гадоў "Тытунь-інвест" пабудаваў у Беларусі 26 магазінаў плошчай ад 160 да паўтары тысячы квадратных метраў. Зараз ідзе будаўніцтва яшчэ аднаго магазіна ў Копысі.

Сёння ў Палацы Незалежнасці абмяркоўвалі і падрыхтоўку пакета дакументаў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу і падтрымцы прадпрымальніцтва ў Беларусі. Павел Тапузідзіс непасрэдна ўцягнуты ў гэтую працу. На наступным тыдні першыя дакументы пададуць на разгляд Прэзідэнту.