Беларусь выступае за выпрацоўку прымальных для ўсіх прынцыпаў супрацоўніцтва ў Еўропе. Сёння гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрамі замежных спраў СНД.
Практычным крокам у гэтым напрамку стане запланаваная на май у Мінску экспертная канферэнцыя "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх". Таксама да канца года ў Беларусі пройдуць антытэрарыстычная канферэнцыя АБСЕ і пасяджэнне Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Гэтыя фарматы дыялогу цалкам укладваюцца ў маштабную мірную ініцыятыву беларускага лідара пад умоўнай назвай "Хельсінкі-2". Першы хельсінскі працэс, як вядома, дазволіў Еўропе і свету адносна хутка і бязбольна выйсці з гонкі ўзбраенняў і халоднай вайны ў канцы мінулага стагоддзя. Аналагічнага выніку ад палітыкаў чакаюць і сёння.
Свае ініцыятывы прапанаваны Беларуссю і ў фармаце Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У прыватнасці, па актуальным сёння сілавым блоку. Так, да 2025 года павінна быць створана аб'яднаная сістэма паветрана-касмічнай абароны Садружнасці, заявіў Прэзідэнт. А пад эгідай ААН выпрацавана Глабальная стратэгія супрацьстаяння новым выклікам і пагрозам. Адрэагавала Беларусь і на рэзанансныя справы, звязаныя з магчымым прымяненнем зброі масавага паражэння ў Еўропе і Афрыцы. Да канца года афіцыйны Мінск мае намер правесці рэгіянальную сустрэчу па выкананні рэзалюцыі Савета Бяспекі Аб'яднаных Нацый аб прадухіленні распаўсюджвання зброі масавага знішчэння. 5 гадоў таму Беларусь ужо праводзіла такі рэгіянальны саміт, адзначыў Прэзідэнт.
Падчас сустрэчы з міністрамі замежных спраў Садружнасці беларускі лідар павіншаваў Расійскую Федэрацыю з годна праведзенымі прэзідэнцкімі выбарамі і пажадаў азербайджанскаму народу таксама зрабіць выбар на карысць умацавання сваёй дзяржавы. Выбары Прэзідэнта ў Азербайджане адбудуцца 11 красавіка.













