Прэзідэнт уручыў узнагароды чэмпіёнам, прызёрам Гульняў у Сочы і іх трэнерам

25 февраля 2014

Героі Алімпіяды з'яўляюцца гонарам беларускага народа. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшаноўвання чэмпіёнаў і прызёраў XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы.


Такім Палац Незалежнасці яшчэ ніхто не бачыў. У манументальнай Зале ўрачыстых цырымоній сёння прымалі тых, хто прынёс нашай краіне сусветную спартыўную славу. Медалі, пяць з якіх найвышэйшай пробы, - гэта выдатны спартыўны поспех. Роўнага яму не ведала гісторыя суверэннай Беларусі. У медальным заліку наша краіна заняла ганаровае месца ў дзясятцы найлепшых краін, абагнаўшы многіх традыцыйных фаварытаў. Герой Беларусі Дар'я Домрачава, Антон Кушнір, Ала Цупер і Надзея Скардзіна. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў заслугі кожнага з іх.


За выбітныя заслугі Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў трохразовую алімпійскую чэмпіёнку Дар'ю Домрачаву зоркай Героя Беларусі. Ордэн Айчыны I ступені атрымаў галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека. Ордэны Айчыны III ступені Кіраўнік дзяржавы ўручыў алімпійскім чэмпіёнам па фрыстайле Але Цупер і Антону Кушніру і бронзаваму прызёру Алімпійскіх гульняў у Сочы па біятлоне Надзеі Скардзіне. Таксама ўзнагароджаныя трэнеры і спецыялісты нацыянальнай зборнай па фрыстайле і біятлоне.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў на фоне алімпійскіх поспехаў не забываць аб праблемах, што ёсць у спорце. Адпаведныя пытанні будуць абмяркоўвацца на традыцыйнай рабочай нарадзе пры падвядзенні вынікаў Алімпійскіх гульняў.


Больш падрабязна пра цырымонію ўшаноўвання герояў XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы глядзіце ў інфармацыйным канале Панарама.