Прэзідэнт уручыў дзяржузнагароды спартсменам і трэнерам па цяжкай атлетыцы

23 апреля 2019
19 узнагарод, 2 рэкорды Еўропы, 15 рэкордаў Беларусі і другое месца ў медальным заліку. Прэзідэнт сёння ўшаноўваў нашу зборную па цяжкай атлетыцы, якая трыумфальна выступіла на чэмпіянаце Еўропы ў Батумі.

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў працу спартсменаў,  падкрэсліўшы, што "планку паднялі высока". І дадаў, што цяжкая атлетыка - сапраўды няпросты від спорту. Падчас чаявання  ў дэталях разабралі чэмпіянат, атмасферу ў камандзе і адбор перспектыўных спартсменаў.

Залатога поспеху дабіліся Яўген Ціханцоў, Генадзь Лапцеў, Дар'я Навумава. Кантынентальны форум у Грузіі атрымаўся для нас не толькі трыумфальным, але і драматычным. Так, на думку трэнераў,  з-за спрэчных судзейскіх рашэнняў каманда не далічылася трох узнагарод. Найбольш абуральны выпадак - незалічаная спроба Андрэя Арамнава. Суддзі пазбавілі алімпійскага чэмпіёна  новага рэкорду Беларусі.

І ўсё ж сёння пераважаў пазітыў. Ганаровае званне "Заслужаны майстар спорту"  прысвоена Дар'і Навумавай. Медаль "За працоўныя заслугі"  ўручылі старшаму трэнеру - выкладчыку Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі"  Валерыю Сізенку. Падзякі Прэзідэнта аб’яўлены трыумфатарам чэмпіянату - Яўгену Ціханцову, Генадзю Лапцеву, а таксама  галоўнаму трэнеру мужчынскай зборнай Беларусі Віктару Шаршукову  і галоўнаму трэнеру жаночай зборнай Валянціну Кароткіну.

Перад пачаткам сустрэчы  для членаў нацыянальнай каманды правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці. Спартсмены і трэнеры даведаліся гісторыю з'яўлення будынка, наведалі асноўныя залы. Напрыклад, Зялёная, дзе адбыліся вядомыя ўсяму свету перамовы "нармандскай чацвёркі". Для яркага фота  некаторыя нават селі за стол перамоў. Пабывалі і ў Каміннай зале, якая ўжо стала рэкардсменам па колькасці прынятых гасцей. За год  тут праходзіць каля 200 мерапрыемстваў.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя