Прэзідэнт уручыў дзяржузнагароды і пагоны

6 марта 2020
Гэтымі днямі  напярэдадні свята вясны  самыя добрыя і цёплыя словы мы адрасуем пяшчотным,  кахаючым і клапатлівым  беларускім жанчынам. Па добрай традыцыі 8 Сакавіка ў Палацы Незалежнасці настае трохі раней.

І ўсё-такі вобраз пяшчотнай  жанчыны немагчыма ўявіць без надзейнага і моцнага мужчыны побач. Адначасова сёння Прэзідэнт ушаноўваў эліту арміі і сілавых структур. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ім пагоны і ордэны. Дарэчы, акрамя ганаровых званняў, дзяржаўныя  ўзнагароды атрымалі і дамы. Гэта жанчыны, якія дабіліся значных вышынь у прафесіі. Сярод іх настаўнікі, урачы, спартсмены, работнікі культуры. Часам у гэта складана паверыць, але вобраз кіраўніка, лідара яны з лёгкасцю сумяшчаюць з роляй шматдзетнай мамы, выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей.

Свята вясны і мужнасці


Атрымалася адначасова вельмі кранальнае свята. Акрамя кветак  і ўзнагарод, ад Прэзідэнта гучалі словы ўдзячнасці мужчынам на службе і шмат кампліментаў мілым жанчынам. Ва ўсіх запрошаных таксама была магчымасць паглядзець інтэр'еры сімвала нашай дзяржаўнасці. Госці прайшліся па знакамітых залах Палаца Незалежнасці падчас вялікай экскурсіі. Калі мужчыны ў парадных  мундзірах у сілу прафесіі былі стрыманыя (хаця таксама не ўтрымаліся ад фота на памяць), то жаночая цікаўнасць здаволена ў поўнай меры. Паглядзелі і на экзатычныя дрэвы, якія падарылі нашаму Прэзідэнту на юбілей. Даведаліся, што ўся гэтая прыгажосць мармуру і хрусталю  беларускай вытворчасці  выключна праца нашых майстроў. Многія рабілі фота за столікам, дзе праходзілі экспромт-перамовы "нармандскай чацвёркі" ў  Зялёнай зале. Ды і месца Прэзідэнта ў Каміннай, дзе звычайна за год праходзяць тры сотні міжнародных мерапрыемстваў, таксама нарасхват для памятнага кадра. Словам, уражанняў хопіць да наступнага 23 Лютага і 8 Сакавіка. Ну і якое ж свята без сімвалічнага бакала шампанскага і пачастункаў?! З нагоды памятнай падзеі ў Палацы Незалежнасці для гасцей далі прыём.