Прэзідэнт: У парламент павінны прыйсці сапраўдныя прафесіяналы

30 августа 2016

У парламент павінны прыйсці сапраўдныя прафесіяналы, а выбары пройдуць сумленна і годна. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт на сустрэчы з кіраўнікамі місіі АБСЕ.

Каэтана дэ Зулуета Аўтрам узначальвае групу БДІПЧ АБСЕ. Каардынуе працу кароткатэрміновых назіральнікаў ад арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Кент Харстэд. Намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ працуе ў Беларусі не ўпершыню. У 2015 ён сачыў за ходам прэзідэнцкай кампаніі. Харстэд быў у Беларусі і ў сярэдзіне жніўня, тады правёў шэраг афіцыйных сустрэч. Цяперашні візіт - чарговая зверка гадзіннікаў перад важнай палітычнай падзеяй.

Кент Харстэд, спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах у Беларусі, намеснік старшыні ПА АБСЕ:

"Я хачу падзякаваць Вам за магчымасць сустрэцца. Вельмі каштоўна абмяняцца меркаваннямі на парозе такой важнай падзеі. Я ужо чацвёрты раз удзельнічаю ў выбарчай кампаніі ў Беларусі і павінен адзначыць, што, быўшы каардынатарам на папярэдніх выбарах, я адлюстраваў у сваім дакладзе, што выбарчы працэс становіцца ўсё лепшым і больш адкрытым. Асабліва варта адзначыць высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж ЦВК Беларусі і місіяй БДІПЧ у вашай краіне. Важным і дадатным знакам з'яўляецца запрашэнне еўрапейскіх назіральнікаў на выбары".

Кент Харстэд адзначыў, што гэта парламенцкая кампанія адрозніваецца спаборнасцю. Колькасць прэтэндэнтаў на месца ў Авальнай зале - больш за 4 чалавекі. Акрамя таго, да супрацоўніцтва адкрыты Цэнтрвыбаркам, МЗС і іншыя дзяржорганы. Нагадаем, яшчэ ў лютым была створана экспертная рабочая група, якая разглядала рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па выніках прэзідэнцкай кампаніі. У выніку ЦВК унёс некаторыя змяненні. Сярод іх пытанні фарміравання камісій, адлюстраванне выбарчых спрэчак у Інтэрнэце; прысутнасць назіральнікаў падчас прыёму пратаколаў аб выніках галасавання; доступ акрэдытаваных экспертаў да інфармацыі аб спісах выбаршчыкаў і шматлікае іншае. Словам, пажаданні ўлічылі, а для назіральнікаў стварылі максімальна адкрытыя ўмовы. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка чарговы раз падкрэслівае, што ў краіне заўсёды будуць рабіць толькі так, як лепш беларусам. А задача Прэзідэнта падчас палітычнай кампаніі - зрабіць працэс галасавання сумленным, адкрытым і бяспечным.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць 11-га верасня. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе ўжо з 6 па 10.