Прэзідэнт патрабуе канчаткова вырашыць пытанне з забеспячэннем жыллём шматдзетных сем'яў

23 ноября 2018

Такая задача перад урадам была пастаўлена сёння на рэспубліканскім семінары, дзе абмяркоўваюць павышэнне эфектыўнасці будаўнічай галіны. Кіраўнік дзяржавы даручыў Саўміну, губернатарам і мэру Мінска павялічыць аб'ёмы будаўніцтва для гэтай катэгорыі грамадзян. А ў цэлым Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на вырашэнні ключавых пытанняў цаны, якасці і тэрмінаў будаўніцтва.

Губернатары і старшыня Мінгарвыканкама павінны ўзяць пад асабісты кантроль і завяршыць будаўніцтва ўсіх дамоў-даўгабудаў да сярэдзіны 2019 года. Прычыны, па якіх 35 дамоў дагэтуль не ўведзены ў строй, правераць КДК і Генпракуратура. Адно з найважнейшых пытанняў - кошт квадратнага метра. Для ўрада ў прыярытэце застаецца формула "адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэй за сярэднюю зарплату па краіне". Пры гэтым дасягненне яе ўзроўню ў тысячу рублёў не значыць, што метр павінен каштаваць столькі ж.