Прэзідэнт патрабуе забяспечыць перапрацоўку ўсёй драўніны ўнутры Беларусі

24 января 2017

Прэзідэнт сёння заслухаў даклад аб экспарце круглых лесаматэрыялаў. Са студзеня мінулага года ўказам Кіраўніка дзяржавы ўведзена забарона паставак за мяжу неапрацаванай драўніны. Выключэнне складаюць толькі форс-мажорныя акалічнасці, напрыклад, масавы вал дрэў з-за ўрагану. У 2016-м і першай палове гэтага года Мінлясгас атрымаў дазвол экспартаваць 4 мільёны кубаметраў сыравіны. Гэта распілаванае бярвенне, у тым ліку і лес, павалены ліпеньскімі ўраганамі. У краіне назіраецца прафіцыт сыравіны. Летась нарыхтаваны рэкордны аб'ём - 21 млн кубаметраў. З-за таго, што некаторыя прадпрыемствы канцэрна “Беллеспаперпрам” не загружаныя, бо знаходзяцца ў стадыі мадэрнізацыі, урад прапаноўвае падоўжыць дзеянне квот. Экспарт лесу не разглядаецца як самамэта. Асноўная задача, па-ранейшаму, у забеспячэнні сыравінай унутранага рынку і як вынік - выпуску экспартаарыентаванай прадукцыі.

Сёлета за мяжу адправіцца партыя ў амаль два мільёны кубаметраў круглага лесу. Тым не менш Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў Мінлясгас, што гэты дазвол стане апошнім. Патрабаванне нязменнае: уся драўніна павінна перапрацоўвацца ўнутры краіны. У лістападзе адкрыецца новы завод Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Менавіта на гэта прадпрыемства будзе пастаўляцца той аб'ём драўніны, які зараз экспартуецца за мяжу ў круглым выглядзе.

Міхаіл Амельяновіч, Міністр лясной гаспадаркі Беларусі: "Баланс, які распрацаваў Мінэканомікі сумесна з Мінлясгасам, ён паказвае, што пры поўнай загрузцы прадпрыемстваў канцэрна і прыватных прадпрыемстваў у нас дастаткова сыравіны. Цалкам мы сваёй сыравінай загрузім гэтыя прадпрыемствы. З-за такіх нестыковак, дзе прадпрыемствы працуюць не на поўную магутнасць, атрымліваецца вольная рэшта, прафіцыт сыравіны. Таму мы і звярнуліся да Кіраўніка дзяржавы, каб ён гэты прафіцыт даў нам адправіць на экспарт. Каб ён тут не гніў, не страчваў свае якасці, а атрымалі дадатковую валютную выручку для краіны і паставіць гэты невялікі аб'ём на экспарт".

Сярод ключавых даручэнняў Прэзідэнта - выкараненне шэрых схем вывазу драўніны. Урад ужо прыняў меры, каб піловачнік не ішоў на экспарт пад выглядам калоў і слупоў. Пастанова аб ліцэнзаванні гэтых відаў прадукцыі ўступае ў сілу 1 лютага. А вось дата 1 мая стане апошняй для навядзення парадку ў лясах Беларусі. Караць будуць рублём. Кіраўнік дзяржавы прапануе павялічыць штрафы за вываз смецця на тэрыторыю лясных масіваў.