У новых Правілах вядзення палявання і рыбалоўства неабходна выключыць усе шчыліны. Гэта сёння на нарадзе аб удасканаленні правілаў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадарак заявіў Прэзідэнт Беларусі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, правілы павінны быць аднолькавыя для ўсіх, ясныя і зразумелыя. Апошнім часам колькасць правапарушэнняў у гэтых сферах стабілізавалася, і, тым не менш, яны ўчыняюцца ў даволі вялікай колькасці. І адна з галоўных праблем заключаецца ў тым, што парушальнікі дзеючага заканадаўства актыўна выкарыстоўваюць яго недасканаласць.
Прэзідэнт даручыў ураду дапрацаваць праект указа на працягу месяца. Меркаваная рэдакцыя правілаў была вынесеная на шырокае грамадскае абмеркаванне. Сваю думку рыбаловы і паляўнічыя маглі выказаць на спецыяльных нарадах і праз Інтэрнэт.














