Прэзідэнт цёпла павіншаваў юных беларусаў на Галоўнай ёлцы краіны

28 декабря 2017

Быць смелымі, актыўнымі, ганарыцца сваёй Радзімай і прымнажаць дасягненні! З такімі словамі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння звярнуўся да юных беларусаў.

У Палац Рэспублікі з'ехаліся больш за 2 тысячы дзяцей з усёй краіны. Гэта выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, тыя, хто выхоўваецца ў шматдзетных сем'ях, а таксама тыя, хто па розных прычынах застаўся без бацькоў. Навагодняе дабрачыннае свята - кульмінацыя акцыі "Нашы дзеці". Гэта добрая традыцыя дазваляе прыцягнуць увагу да праблем дзяцінства і аказаць падтрымку тым, хто мае патрэбу ў асаблівым клопаце. Аляксандр Лукашэнка заклікаў юных беларусаў добра вучыцца, часцей адрывацца ад гаджэтаў і нагадаў, што не ўсюды ў свеце ў дзяцей ёсць магчымасць так весела сустракаць навагоднія святы.

Новы год - адно з самых любімых свят. Гэты час урачыстасці і падарункаў. Таму да Галоўнай навагодняй ёлкі краіны дзеці рыхтаваліся асабліва. Іх усіх аб'ядноўваюць не толькі яркія касцюмы, дарэчы, некаторыя ўборы дзеці шылі сабе самі, але і прадчуванне свята. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў маленькіх гледачоў з надыходзячым Новым годам і пажадаў ім захаваць веру ў дабрыню, чысціню душы, а таксама здзяйснення ўсіх жаданняў. А яны ў дзяцей самыя розныя.

Галоўным падарункам для гасцей свята стаў маляўнічы паказ "Выкрадальнікі часу, або як выратаваць Новы год". Казка, у якой дабро перамагае зло. Уручылі дзецям і навагоднія падарункі ад Прэзідэнта. У адказ юныя госці падрыхтавалі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Аляксандру Лукашэнку ад імя ўсіх дзяцей краіны падарылі пано і арт-аб'ект у выглядзе навагодняй ёлкі і сімвала надыходзячага года - сабакі.