Прэзідэнт: Мытня - гэта ў большай ступені люстэрка эканомікі, асабліва для экспартна арыентаванай краіны

16 сентября 2019
Вынікі працы Мытнага камітэта за 8 месяцаў, абнаўленне інфраструктуры на пагранічных пунктах пропуску і міжнароднае супрацоўніцтва.  Гэтыя тэмы  Прэзідэнт абмеркаваў  са Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько. Пачалі з фінансавага пытання. Са студзеня па жнвень у рэспубліканскі бюджэт паступіла амаль 6 мільярдаў рублёў. Гэта плацяжы, якія кантралюе ДМК.

Падатковы манеўр Расіі ў нафтавай галіне стаў адной з прычын памяншэння паступленняў ад вывазных мытных пошлін за нафтапрадукты. Па іншых жа плацяжах, што  кантралююцца Мытным камітэтам, захоўваецца рост. Зараз ведамства прымае меры, каб кампенсаваць гэтыя страты.

З-за падатковага манеўру Расіі ў нафтавай сферы Беларусь з пачатку года недаатрымала 520  мільёнаў рублёў мытных  пошлін. Частка сумы (301 мільён)  была кампенсаваная за кошт  ПДВ (гэтых паступленняў было больш, чым летась) і плацяжоў, выплачаных фізасобамі пры ўвозе тавараў (у тым ліку па акцызах і ўтылізацыйным зборы). Акрамя таго, міжнародныя перавозчыкі сталі  часцей выбіраць Беларусь для транзіту тавараў, што таксама ўносіць уклад у фарміраванне бюджэту. Напрыклад, у Расію праз Беларусь (за студзень - жнівень) было накіравана на 308 тысяч тон грузаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.