Прэзідэнт: Сітуацыю з абаротам наркотыкаў у Беларусі атрымалася пераламаць

8 апреля 2016

Сітуацыю з абаротам наркотыкаў у Беларусі атрымалася пераламаць, але гэта не падстава для заспакаення. Такую заяву сёння зрабіў Прэзідэнт. У Палацы Незалежнасці прайшла нарада, дзе абмяркоўвалі эфект ад жорсткай антынаркатычнай палітыкі. Ахвярамі распаўсюджвання дурнап'яну становяцца не проста асобныя сем'і. Гэта сур'ёзны выклік грамадству і пагроза здароўю нацыі. Рэпартаж Наталлі Брэвус.

Раман ужываў цяжкія наркотыкі - опіум, амфетамін - 15 гадоў. Здавалася, хлопец займаўся футболам, атрымліваў адукацыю фінансіста, выхоўваўся ў поўнай і паспяховай пінскай сям'і. Пачаць жыццё з чыстага ліста, без наркотыкаў, спрабаваў некалькі разоў. Не атрымлівалася. У выніку трапіў у гэты рэабілітацыйны цэнтр у Брэсцкай вобласці. Спачатку выкараскаўся сам. Сёння дапамагае іншым.

Як мінімум год трэба, каб вярнуцца ад дурнап'яну да нармальнага жыцця. Тут імкнуцца абыходзіцца без лекаў. Уладкоўваюць побыт, трымаюць гаспадарку. Калі сапраўды - толькі кожны чацвёрты спраўляецца. Гавораць, наркотыкі дзейнічаюць, як растваральнік: спачатку знікаюць прынцыпы, потым сям'я, урэшце, можна расстацца з жыццём.

Выкараскацца атрымліваецца далёка не ва ўсіх. За апошнія два гады ад перадазіроўкі загінулі 80 чалавек у краіне. Усяго на ўліку знаходзяцца больш як 9 тысяч спажыўцоў.

З 2012 у Беларусі сталі адзначаць рост колькасці нарказлачынстваў. Усплёск іх прыпаў на 2014 год. На гарызонце маячыла сапраўдная наркаэкспансія! Тады жорсткай рэакцыяй на сітуацыю стаў так званы ў народзе антынаркатычны дэкрэт.

Былі ўнесеныя папраўкі ў заканадаўства, якія ўзмацнялі адказнасць за парушэнні ў гэтай сферы. У тым ліку крымінальную за збыт забароненых рэчываў непаўналетнім. Узмацнілі жорсткасць адказнасці за выраб псіхатропаў у лабараторыях. Летась выявілі 7 такіх падпольных. Рэальнай стала магчымасць пазбавіцца волі за знаходжанне ў дурнап'яне паўторна або ўжыванне ў грамадскім месцы. За незаконны збыт, які стаў прычынай смерці чалавека, можна "выклапатаць" да 25 гадоў турмы. Упершыню за апошнія тры гады азначыўся пазітыў - доля злачынстваў, звязаных з абаротам псіхатропаў, стала зніжацца. Эфект ад антынаркатычнай палітыкі не хуткі, але яго ўжо адчулі.

Ледзь раней было вырашана выбіць глебу з-пад ног наркадзялкоў, якія зараблялі "макавым зеллем". У выніку - доля апіятаў знізілася. Атрымалася паменшыць струмень незаконных партый маку ў рэспубліку.

Больш за год прайшоў з моманту ўступлення ў сілу шостага дэкрэта. Сітуацыя з незаконным абаротам наркотыкаў не крытычная, але заўсёды на кантролі. Гэтую працу каардынуе МУС. Ёсць вынікі, але Аляксандр Лукашэнка заклікае быць напагатове.

Настойлівасць і сістэмныя рашэнні ў сферы процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў сапраўды дазволілі пераламаць сітуацыю на найболей пагрозлівых кірунках. Гэта выбіла ў наркадзялкоў глебу з-пад ног у пытаннях вырабу зелля, у прыватнасці - з насення маку. Пастаўлены заслон распаўсюджванню спайсаў, што выратавала не адно маладое жыццё. Але супакойвацца не час. Рана яшчэ. Наша дзяржава не ізаляваная ад астатняга свету, і наркапагроза застаецца. Неабходна прааналізаваць сітуацыю і адказаць на пытанне, якія дадатковыя патрэбныя рашэнні ў сувязі з гэтай вострай праблемай. Мы заўсёды ганарымся тым, што наша краіна транзітная, і мы атрымліваем пэўныя выгады ад геапалітычнага становішча Беларусі. Але ў той жа час ёсць вялізны негатыў, і, на жаль, ён павялічваецца, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Украіне.

Летась спынілі 39 каналаў пастаўкі наркотыкаў у нашу краіну. У тым ліку транзітных. Амаль палова іх прыпадае на Расію. Што рабіць - межы-та адкрытыя. Вось, напрыклад, 37-гадовы мінчанін пастаўляў гашыш і амфетамін з Пецярбурга. За адзін рэйс прывозіў партыю на 5 тысяч долараў. Наркакантроль наляцеў у кватэру да дзялка і знайшоў псіхатропы ў смеццевым вядры.

Зараз кур'еру пагражае да 13 гадоў пазбаўлення волі. Пазіцыя Прэзідэнта адназначная: тыя, хто мэтанакіравана труціць людзей, павінны адбываць тэрмін у самых строгіх умовах. Калі трэба - будзе падкарэкціраваная нарматыўная база.

Жорсткі падыход Кіраўніка дзяржавы цалкам зразумелы. Па-іншаму збытчыкі проста не зразумеюць! Бо амаль палова з асуджаных за наркотыкі - рэцыдывісты. Адседзелі - і зноў за старое. Трэба зрабіць усё, каб непанадна было губіць жыцці людзей.

У краіне дзейнічаюць дзве выпраўленчыя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне за наркотыкі. Калонія ў Глыбокім - адна з іх. Уладзімір пачынаў з разбою, скончыў тэрмінам за распаўсюджванне амфетаміну. Строгасць рэжыму прачуў на сабе. Гэта вам не камера Брэйвіка.

Строгі падыход да парушальнікаў - не значыць беспадстаўны. Мера пакарання і ўмовы ўтрымання будуць залежаць ад цяжкасці злачынства.

Асобная гутарка - падлеткі. Тыя, хто спатыкнуўся, але ўстаў на шлях выпраўлення, павінны мець шанец на датэрміновае вызваленне. Намаганні сёння накіроўваюць і на тое, каб адвесці дзяцей з дарогі ў злачынны свет. Спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафтэхвучылішча ў Мядзелскім раёне бярэ на сябе клопат аб складаных хлопцах. Зрэшты, да ўсіх хлопцаў - а іх тут 79 з усёй краіны - стаўленне аднолькавае: за кошт лячэння, выхавання і рэабілітацыі вярнуць складаных падлеткаў да нармальнага жыцця.

У апошні час прыкметна "натапталі" спайсы. Новыя незабароненыя сумесі з'яўляліся як грыбы пасля дажджу. Іх можна заказаць у Сетцы. Карэкціроўка заканадаўства ў інтэрнэт-асяроддзі дазволіла хутка блакіраваць рэсурсы, якія распаўсюджвалі псіхатропы. Летась спыненая дзейнасць 99 такіх магазінаў.

МУС адзначае - актывізаваліся пастаўшчыкі насваю. Асноўны інгрэдыент гэтага зелля - вярблюджы або курыны памёт. Такія пастаўкі на руку наркагандлярам. Бо гэта першы крок да цяжкіх наркотыкаў. Напярэдадні была затрыманая гіганцкая партыя - 500 кілаграмаў дурнап'яну. Гэта больш, чым за ўвесь 2013-ы! У выніку спецмерапрыемстваў наркакантролю за распаўсюджванне насваю было затрымана больш як 50 чалавек. Яны атручвалі моладзь сумнеўным рэлаксантам! Таму МУС прапаноўвае ўзмацніць жорсткасць пакарання за захоўванне і любы абарот гэтай тытунёвай сумесі. Ад 4-разовага павелічэння штрафаў да канфіскацыі машын, з якіх ідзе продаж. Яшчэ адзін крок у падтрымку жорсткай антынаркатычнай палітыкі ў краіне.