Прэзідэнт сёння правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ

3 февраля 2017

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ. Мерапрыемства пройдзе ў пашыраным фармаце пад агульнай назвай "Вялікая размова з Прэзідэнтам". Удзел у ёй прымуць каля паўсотні журналістаў і сотня экспертаў. Гэта прадстаўнікі буйных дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. Зрэшты, задаць пытанне Кіраўніку дзяржавы можа абсалютна кожны яшчэ на працягу 3 гадзін. Для гэтага неабходна запоўніць форму на сайце belta.by або ў сацсетках агенцтва. Пра закуліссе Вялікай размовы - Ілона Красуцкая.

Анонс гэтай Вялікай размовы з Прэзідэнтам СМІ выпусцілі яшчэ ў сярэдзіне тыдня. Самыя гучныя загалоўкі: "Беларускі Прэзідэнт выходзіць у сацсеткі" і "Новы фармат зносін - спытаць што заўгодна ў беларускага лідара можа кожны ахвотнік". Змест пытанняў, зразумела, інтрыга, а вось колькасць, тут нікуды без журналісцкай салідарнасці, нам усё ж атрымалася даведацца ў калег. За няпоўныя тры дні Кіраўніку беларускай дзяржавы адрасавалі некалькі сотняў пытанняў. І гэта не канец. На сайце БелТА або ў сацсетках агенцтва такая магчымасць даступная яшчэ на працягу некалькіх гадзін. У прамым эфіры Аляксандр Лукашэнка адкажа на найболей актуальныя і цікавыя пытанні.

Гаворачы прама, у эпоху інфармацыйнай перасычанасці, дзе часам цяжка адрозніць праўду ад піяру, здзівіць журналістаў вельмі складана. Але менавіта сумленнасць і адкрытасць, якія ўласцівыя Кіраўніку беларускай дзяржавы, заўсёды распальвалі непадробную цікавасць у супрацоўнікаў СМІ. Ды і пытанняў у акул пяра сапраўды назапасілася нямала.

Апошняя прэс-канферэнцыя Кіраўніка беларускай дзяржавы адбылася два з паловай месяцы таму. Тады Аляксандр Лукашэнка больш як 5 гадзін гутарыў з расійскімі журналістамі. У той час калі вышэйшы істэблішмент па-ранейшаму практыкуе зносіны з прадстаўнікамі масмедыя па прынцыпе пытанне/адказ, Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно адмовіўся ад такога сухога фармату прэс-канферэнцый. Вялікая дыскусія - гэта асабістая ініцыятыва беларускага лідара, дзе няма ніякіх рамак і закрытых тэм.

Публічная прэзентацыя такога фармату адбылася роўна 2 гады таму. Падчас студзеньскага Адкрытага дыялогу Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі. З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел некалькі сотняў прадстаўнікоў СМІ. Зрэшты, не прапусцілі магчымасць пагутарыць з Прэзідэнтам і вядомыя сусветныя медыягіганты. Тады ж быў устаноўлены абсалютны рэкорд: фінал дыскусіі - 7 гадзін 7 хвілін. Кантэнт-аналіз прамовы беларускага Прэзідэнта: у прыярытэце бяспека, эканоміка, знешняя і сацыяльная палітыка, унутраныя праблемы краіны і, безумоўна, адкрыта Прэзідэнт заўсёды распавядае пра самае асабістае.

Цяперашняе мерапрыемства пройдзе ў пашыраным фармаце пад агульнай назвай "Вялікая размова з Прэзідэнтам". Вялікія чаканні ў журналістаў, роўна як і ў запрошаных экспертаў. Па-першае, абсалютна новы фармат. У зале прадракаюць атмасферу, хутчэй, дзелавой сустрэчы або навуковай канферэнцыі, дзе не абыходзіцца без гарачых дыскусій. Кожны з удзельнікаў можа распавесці аб набалелым і абараніць сваю пазіцыю.

Гэтым разам напроста пагутарыць з Кіраўніком дзяржавы зможа больш як сотня медыйных асоб. Кіраўнікі беларускіх тэлеканалаў, радыёстанцый, інфармагенцтваў, інтэрнэт-выданняў і замежных масмедыя. А яшчэ шматлікія эксперты, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб'яднанняў і недзяржаўных СМІ. Яны прадстаўляюць усе рэгіёны краіны.

Ведаючы максімальную адкрытасць і камунікабельнасць беларускага Прэзідэнта, ніхто не бярэцца загадваць, колькі падоўжыцца дыскусія. Улічваючы, што Кіраўнік дзяржавы ніколі не абмяжоўваў у часе і колькасці пытанняў, шматлікія журналісты рыхтуюць рэзервовыя. Плануецца, што прамая трансляцыя пачнецца ў 10 раніцы на "Беларусь 1", спадарожнікавым "Беларусь 24" і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Тэлеверсію сустрэчы ў вячэрнім эфіры пакажуць беларускія тэлеканалы.