Прэзідэнт раскрытыкаваў тэмпы развіцця гарадоў-спадарожнікаў Мінска

20 декабря 2018

Вялікая нарада пра лёс вялікага горада. Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з актывам Мінгарвыканкама.

Нявырашаных задач і пытанняў сабралася шмат. Так, наш Прэзідэнт раскрытыкаваў тэмпы развіцця гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Дзяржынск, Лагойск, Заслаўе, Фаніпаль і іншыя павінны былі стаць паўнавартаснай часткай гарадской агламерацыі. Туды планавалі перанесці 12 прадпрыемстваў, каб прывабіць і мясцовых працаўнікоў. Але праект зайшоў у тупік, што не можа не адбіцца і на самой сталіцы. Бо шчыльнасць насельніцтва Мінска ўжо на ўзроўні шматлікіх еўрапейскіх цэнтраў, а такой цэнтралізацыі варта пазбягаць. Таксама задача перад горадам - шчыльная праца з насельніцтвам. Заработная плата нізкааплатных галін павінна быць павышана, як і прывабнасць самога Мінска для кашалькоў беларусаў. Не сакрэт, што многія едуць за мяжу і трацяць зберажэнні там. А ўся справа часам у няроўнай канкурэнцыі і незразумелых скідках на тавары.

Павялічыць паказчыкі занятасці насельніцтва можа дапамагчы бізнес-сфера. І ў цэлым Мінску трэба за найбліжэйшыя гады зрабіць менавіта якасны рывок у развіцці, прычым ва ўсіх сферах, - палепшыць транспартную інфраструктуру. У гэтым кірунку, паводле слоў Прэзідэнта, мінскія ўлады адстаюць ужо мінімум на пару гадоў. І Анатоль Сівак - мэр горада, а ў мінулым міністр транспарту - можа вырашыць праблему. Мінску трэба стаць і эталонам па ўладкаванні безбар'ернага асяроддзя. Яшчэ адна важная дата - 2025 год. За найбліжэйшыя шэсць гадоў водазабеспячэнне горада павінны перавесці цалкам на падземныя крыніцы. Асобная ўвага вонкаваму абліччу. Горад усё часцей станавіцца цэнтрам шматлікіх міжнародных і культурных падзей, таму проста пафарбаваць фасад недастаткова. Мінск - еўрапейская сталіца, гэтаму статусу ён павінен адпавядаць на 100 %.

Таксама Аляксандр Лукашэнка чакае ад Мінгарвыканкама сур'ёзнай барацьбы з бюракратыяй і карупцыяй. Асабліва гэта тычыцца арганізацый, падшэфных мэрыі горада. І ў гэтым святле трэба дзейнічаць і на апярэджанне, пачынаючы з падбору і расстаноўкі кадраў. Як адзначыў наш Прэзідэнт, працаваць павінны толькі людзі, якія сапраўды могуць забяспечыць Мінску ўстойлівае эканамічнае і сацыяльнае развіццё. Але і не забываць пра людзей. Таму сістэма ЖКГ у прыярытэце. Сваім бачаннем падзяліўся і мэр горада Анатоль Сівак.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Мінска неабходна распрацаваць канцэпцыю разумнага горада. Пачаць выкарыстоўваць высокія тэхналогіі ў паўсядзённых справах сталіцы павінны ў найбліжэйшыя пяць гадоў. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, фундамент ёсць для гэтага больш чым моцны - Беларусь IT-краіна, галоўны горад Беларусі павінен адпавядаць гэтаму званню.