Прэзідэнт раскрытыкаваў працу ўсяго ўрада за сістэмныя недапрацоўкі па развіцці Аршанскага раёна

14 Жніўня 2018

Жорсткая гутарка ў Оршы. Падчас нарады па выкананні даручэнняў па комплексным развіцці раёна яго кіраўнік быў адпраўлены ў адстаўку, а да канца тыдня Кіраўнік дзяржавы патрабуе кадравыя прапановы па рабоце кіраўніцтва Саўміна.

У прыватнасці, размова аб міністрах прамысловасці і будаўніцтва. Прэзідэнт раскрытыкаваў работу ўсяго ўрада за сістэмныя недапрацоўкі па развіцці раёна. Мноства канкрэтных даручэнняў правалена. Не вырашаны праблемы складаных прадпрыемстваў рэгіёна.

У гэтым Кіраўнік дзяржавы напярэдадні пераканаўся асабіста, прычым заехаў і туды, дзе зусім не чакалі. На Аршанскім інструментальным заводзе людзі працуюць у жудасных умовах: сырыя цэхі, мінімум святла, станкі часам удвая старэйшыя за спецыялістаў. Памяшканні, дзе можна размясціць новыя сучасныя вытворчыя магутнасці, нават не рамантавалі: на сценах цвіль, ад вачэй схаваныя цэлыя могілкі старой тэхнікі. Падобная сітуацыя і на "Оршааграпраммаш". А ўбачанае на прадпрыемстве "Тэхніка сувязі" ў Барані інакш як бардаком не назавеш. Паўтара года таму было прынята рашэнне зрабіць Оршу маяком у развіцці сярэдніх гарадоў. У краіне такіх 11. І звышзадача - раўнамернае размеркаванне прадукцыйных сіл па ўсёй краіне. А аршанскі прыклад павінен быў стаць узорам сістэмнай працы з такімі рэгіёнамі. Адносна гэтага раёна Прэзідэнтам было дадзена 126 даручэнняў.

Да гэтай паездкі на прадпрыемствах рэгіёна пабывала і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Наталля Качанава на свае вочы ўбачыла недапрацоўкі: зацягванне разнастайных тэрмінаў і банальнае латанне дзірак замест комплекснага вырашэння праблем з прыцэлам на перспектыву.

Аднак адказныя кіраўнікі з пастаўленымі задачамі не справіліся. Больш за тое - паспрабавалі стварыць бачнасць развіцця Аршанскага раёна. Факты безгаспадарчасці і перакладання адказнасці на іншых адкрывае Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Кожнае чацвёртае даручэнне засталося без увагі. Усе намаганні ўрада былі накіраваны не на рэальнае выпраўленне спраў у рэгіёне, а на касметычнае вырашэнне пытанняў. Прасцей кажучы, праблемы не вырашалі, а маскіравалі. Рэакцыя Кіраўніка дзяржавы на правальную працу самая жорсткая.

Прэзідэнтам прынята рашэнне аб перавядзенні Аршанскага рэгіёна на рэжым асаблівага функцыянавання. Зараз гэта лакмусавая паперка для ўсёй краіны, і давесці працу да фіналу - справа гонару. Па гарачых слядах пасля вялікай нарады ў кабінеце ўжо былога старшыні раёна адбылося першае пасяджэнне рабочай групы па выкананні даручэнняў Прэзідэнта па развіцці Аршанскага рэгіёна. На камернай нарадзе без удзелу членаў урада абмяркоўваліся першачарговыя кадравыя пытанні, а таксама стратэгія дзеянняў у дачыненні да праблемных прадпрыемстваў.


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя