Прэзідэнт раскрытыкаваў працу піваварнай галіны краіны

10 апреля 2014
У Беларусі вялікі працэнт імпартнага піва, а дзяржаўныя піваварныя заводы не працуюць на поўную магутнасць. Сёння Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў працу піваварнай галіны краіны. Гэта тэма абмяркоўвалася на вышэйшым узроўні 7 гадоў таму. Тады былі прынятыя рашэнні аб буйнамаштабным тэхнічным пераабсталяванні піваварных заводаў, аб правілах уваходжання на беларускі рынак вядучых сусветных піваварных кампаній. Таксама была пастаўлена задача стварыць сучасныя вытворчасці, нарасціць магутнасці, павялічыць выпуск беларускіх брэндаў і вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі. У піваварную галіну Беларусі было ўкладзена 300 мільёнаў долараў. Пры гэтым дзясятая частка - гэта бюджэтныя грошы. Вялікія крэдыты далі беларускія і замежныя банкі. У выніку піваварныя прадпрыемствы абсталявалі высокатэхналагічным абсталяваннем сусветных кампаній. Вытворчыя магутнасці павялічылі да 70 мільёнаў дэкалітраў піва за год. Тым не менш імпарт піва складае 30%. На думку Прэзідэнта, гэта недапушчальна для краіны, якая мае такія буйныя піваварныя прадпрыемствы. Напрыклад, у Польшчы працэнт імпарту складае толькі 2%, а ў Расіі каля 4.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у членаў урада і дырэктараў піваварных заводаў адказаць на пытанні, якім чынам ажывіць піўную галіну ў Беларусі і, калі трэба, прыцягнуць дадатковыя інвестыцыі. Як скараціць імпарт і максімальна загрузіць вытворчыя магутнасці? Аб выніках працы Прэзідэнт Беларусі даручыў далажыць у будучым годзе.