Прэзідэнт раскрытыкаваў урад, заслухаўшы справаздачу ў Саўміне

2 марта 2018

Сёння ў Савеце Міністраў Прэзідэнт Беларусі заслухаў справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка і рэгіянальных улад.

Кіраўніку дзяржавы, у прыватнасці, далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны летась. Як адзначыў прэм'ер Андрэй Кабякоў, захоўваецца стабільнасць на валютным і фінансавым рынках. У 2017 кампенсавана адставанне 2016. Аднак з 13-ці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця не выконваюцца два: па тэмпах росту рэальных даходаў насельніцтва і аб'ёме будаўніча-мантажных работ. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб няўхільным выкананні яго даручэння - сярэдняй зарплаце па краіне ў тысячу рублёў. На працягу года гэты паказчык неабходна перасягнуць за кошт павелічэння зарплаты бюджэтнікам.

Вялікая размова сёння закранула не толькі павышэнне аплаты працы, але і забеспячэнне занятасці. Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за недастатковыя намаганні па стварэнні высокапрадукцыйных рабочых месцаў. У той жа час назіраецца міжрэгіянальнае расслаенне ўнутры краіны - узровень жыцця ў сталіцы і рэгіёнах палярны. Рост цэн па-ранейшаму застаецца праблемай нумар адзін для насельніцтва. Адсюль і патрабаванне Прэзідэнта да Нацбанка - скарачэнне інфляцыйных чаканняў. Гаварылі і пра глабальныя задачы: нарошчванне золатавалютных рэзерваў і скарачэнне знешняга доўгу, удзел банкаўскай сістэмы ў развіцці эканомікі. У цэлым ад урада Кіраўнік дзяржавы чакае прынцыпова новага стылю каманднай працы з іншымі міністэрствамі і ведамствамі.

Што тычыцца задач на гэты год, то сярод іх рост ВУП на 3,5 %, прырост экспарту тавараў і паслуг на 2 мільярды долараў. Планка амаль 106 % да 2017. Запланавана прыцягненне 23 мільярдаў рублёў інвестыцый. Асаблівая ўвага рэалізацыі 50 найбуйнейшых праектаў, а таксама задачы па сярэдняй зарплаце і стварэнні новых рабочых месцаў. Усе падрабязнасці справаздачы Прэзідэнту - у нашых наступных выпусках.