Прэзідэнт раскрытыкаваў чыноўнікаў за неналежную працу прадпрыемстваў Аршанскага раёна

13 августа 2018

Прэзідэнт жорстка раскрытыкаваў якасць працы па развіцці Аршанскага інструментальнага завода падчас рабочай паездкі па Віцебскай вобласці.

Мясцовыя органы ўлады і кіраўніцтва прамысловай галіны правалілі даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Тое, што задачы не выконваюцца належным чынам, Кіраўнік дзяржавы ўбачыў, яшчэ толькі пад'язджаючы да завода. Звярнуў увагу, што на тэрыторыі не навялі нават элементарны парадак. Усё зроблена спехам і няякасна. Яшчэ горшай аказалася карціна ўнутры памяшканняў. Прэзідэнт адразу адмовіўся ад прапанаванага маршруту і прайшоў па ўсім заводзе, каб цалкам ацаніць вытворчы ланцужок: ад прыёмкі сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі. Зайшлі ў кожныя дзверы. Дзесьці аказаліся зваленыя ў кучы старыя станкі, далей сырыя, цёмныя цэхі з цвіллю на абадраных сценах. Жудасныя ўмовы працы, у якіх працуюць дзясяткі людзей. Вытворчасць, арыентаваная на абсталяванне буйных прамысловых прадпрыемстваў, зараз не можа ў поўнай меры задаволіць попыт заказчыкаў. Праблема ў састарэлым абсталяванні і ў банальнай безгаспадарчасці. У адным з цэхаў Прэзідэнт даручыў адрамантаваць дах і арганізаваць вытворчасць з выкарыстаннем новых станкоў. Іх пастаўкамі зоймецца мясцовы завод "Чырвоны барацьбіт". Яшчэ адно даручэнне - адгарадзіць прыватнікаў ад асноўных плошчаў. Да гэтага арандатары і завадчане карысталіся адной прахадной. Але галоўнае - трэба прывесці ўсё ў ідэальны парадак. На гэта ў чыноўнікаў не так шмат часу.

Падчас рабочай паездкі Прэзідэнт наведаў яшчэ шэраг буйных прадпрыемстваў. Арыенцір для ААТ "Оршааграпраммаш" - бясстратная праца, парадак і аптымізацыя тэрыторыі, граматная лагістыка вытворчага працэсу. Таксама абмяркоўваліся праблемныя пытанні на мясцовым мясакансервавым камбінаце. Аляксандр Лукашэнка даручыў да лістапада 2020 года зрабіць яго адным з лепшых прадпрыемстваў галіны. Цяперашняя ацэнка - крытыка гаспадарчай дзейнасці. У прыватнасці, што тычыцца ўтрымання памяшканняў і матэрыяльна-тэхнічнай базы.

На заводзе "Тэхніка сувязі", як і ўсюды, пільная ўвага да выканання даручэнняў. Павярхоўны падыход і надзея на тое, што Прэзідэнт не зойдзе ў нейкі цэх - не нармальныя для любога прадпрыемства. Тым больш для ключавых вытворцаў рэгіёна.

Нагадаем, аб сваіх планах неўзабаве пабываць у Аршанскім раёне Аляксандр Лукашэнка распавёў яшчэ 7 жніўня на нарадзе з членамі ўрада і кіраўніцтвам рэгіёнаў. Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта наведванне стане "лакмусавай паперкай у працы ўрада".