Прэзідэнт правёў нараду з прадстаўнікамі сілавых структур

13 октября 2017

Сёння на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур Прэзідэнт разгледзеў шэраг крымінальных спраў, якія знаходзяцца ў яго на кантролі. Акрамя таго, былі разгледжаныя аператыўна-следчыя матэрыялы ў дачыненні працы кіраўнікоў рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў, а таксама супрацьпраўных дзеянняў асобных супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілавых структур. Па выніках нарады Прэзідэнтам быў прыняты шэраг кадравых рашэнняў, якія, у тым ліку, датычацца Аператыўна-аналітычнага цэнтра Рэспублікі Беларусь. У сувязі з прэтэнзіямі да іх працы з боку камісіі, створанай па даручэнні Кіраўніка дзяржавы, якая вывучала дзейнасць ААЦ, Прэзідэнтам прынята рашэнне аб часовым адхіленні ад занятых пасад кіраўніцтва і некаторых супрацоўнікаў Аператыўна-аналітычнага цэнтра да заканчэння расследавання фактаў, прадстаўленых Прэзідэнту.

Пасля заканчэння нарады з прадстаўнікамі сілавых структур у Прэзідэнта журналісты пацікавіліся ў прэс-сакратара Прэзідэнта Беларусі, ці закраналася на нарадзе сітуацыя вакол гібелі салдата ў Пячах. Як заявіла Наталля Эйсмант, гэтая тэма, зразумела, абмяркоўвалася, яна знаходзіцца на жорсткім кантролі ў Кіраўніка дзяржавы. Адказным асобам Прэзідэнт даручыў разабрацца ў сітуацыі самым дбайным чынам, вывучыць яе да драбнюткіх падрабязнасцяў і прадставіць аб'ектыўны вынік. Кіраўніку дзяржавы літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца аб ходзе аператыўных мерапрыемстваў. Пазіцыя Прэзідэнта ў гэтым пытанні настолькі жорсткая, што ніхто з вінаватых ад адказнасці не сыдзе.