Прэзідэнт правёў нараду з эканамічным блокам краіны

2 августа 2019
Прыцягненне інвестыцый, развіццё дзелавога асяроддзя і прыярытэты ў міжнародным супрацоўніцтве. Сёння ў Палацы Незалежнасці прайшла нарада Прэзідэнта з урадам.

У адной зале ўсё кіраўніцтва Савета Міністраў і вышэйшыя службовыя асобы краіны. Такі фармат абмеркавання актуальных пытанняў, якія закранаюць розныя сферы жыцця, у графіку Кіраўніка дзяржавы рэгулярныя. На парадку  сённяшняга дня  не толькі ўнутрыбеларускія пытанні. Абмеркавалі тэму па лініі супрацоўніцтва з Расіяй. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду паскорыць узгадненне з Расіяй праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі. Нагадаем, дарожныя карты ў краін павінны быць цалкам гатовыя ўжо праз тры месяцы. А да 2021 года Беларусь і Расія разлічваюць прыйсці да адзіных галіновых рынкаў. Размова не толькі пра нафтагазавы сектар, але і пра прамысловую прадукцыю, сельгас- і транспартныя рынкі. У цэлым спектр пытанняў вельмі шырокі.

Асобная ўвага на нарадзе  рэалізацыі трох буйных інвестпраектаў. Ва ўрадзе пацвердзілі, што Светлагорскі ЦКК будзе ўведзены ў тэрмін. Зараз прадпрыемства ўстойліва працуе на 70 % ад вытворчай магутнасці. Размова ішла і пра новыя заводы ў Добрушы і Шклове. 

Яны дазволяць павялічыць долю дрэваапрацоўкі ў ВУП краіны да 5,5 %. Прэзідэнт даручыў дапрацаваць указы па рэалізацыі гэтых інвестпраектаў на працягу гэтага месяца. Прыняты рашэнні і па тэме бязвіза. Так, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову ўрада па пашырэнні бязвізавых тэрыторый у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

Прэзідэнту таксама далажылі і пра ход жніва. Так, убрана ўжо больш за палову плошчаў. Вынік значна лепшы, чым летась. Аднак Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што не ва ўсіх рэгіёнах краіны была наладжана праца на належным узроўні. Віной таму стала не толькі прырода, але і чалавечы фактар. Кіраўнік дзяржавы прыняў адпаведныя рашэнні па гэтым пытанні, а таксама падтрымаў прапановы ўрада па пытанні забеспячэння палівам сельгазарганізацый.