Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях развіцця нафтаперапрацоўчай галіны

1 июня 2017

Пераадолець спад у нафтаперапрацоўцы. Такую задачу сёння паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

У Палацы Незалежнасці адбылася нарада, прысвечаная развіццю найважнейшай для краіны галіны. Гэты кірунак адыгрывае стратэгічную ролю ў эканоміцы. Доля нафтаперапрацоўкі ў прамысловасці складае больш за 13 %, у экспарце - каля 17.

У мадэрнізацыю НПЗ дзяржава ўклала немалыя грошы, аднак належная аддача дагэтуль не атрымана. Перапрацоўка вуглевадародаў сур'ёзна залежыць ад сітуацыі на сусветным рынку, дзе апошнія гады назіраюцца частыя ваганні цэн на сыравіну і гатовую прадукцыю.

Асноўны кірунак для экспарту беларускіх нафтапрадуктаў - гэта Еўрасаюз. Буйнымі пакупнікамі нашай прадукцыі таксама з'яўляюцца Украіна і Расія. Паскарэнне мадэрнізацыі прадпрыемстваў галіны - пытанне жыццёва важнае для далейшага развіцця нафтаперапрацоўкі ў Беларусі. Тэхналагічнае абнаўленне павысіць якасць прадукцыі і палепшыць эканоміку.

Ігар Ляшэнка, старшыня канцэрна "Белнафтахім": "Самая галоўная цяжкасць у тым, што рынкі перагружаны пастаўкамі як нафты, так і нафтапрадуктаў. Усё гэта вядзе да зніжэння маржынальнасці. У гэтых няпростых умовах нашым НПЗ даводзіцца адшукваць сродкі на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Назіраюцца тэндэнцыі, і сусветная статыстыка гаворыць пра тое, што ўжо праз 4-5 гадоў стануць адчувальныя працэсы зніжэння спажывання нафтапрадуктаў. Таму прадпрыемствы займаюцца распрацоўкай доўгатэрміновых інвестыцыйных праектаў, якія дазволяць дыверсіфікаваць патокі, атрыманыя ад традыцыйных дызеля і бензіну, у кірунку нафтахіміі".

Мадэрнізацыя беларускіх НПЗ завершыцца ў 2019 годзе. Цана пытання - мільярд 200 мільёнаў долараў. На гэтыя мэты могуць быць накіраваны і крэдытныя рэсурсы, у тым ліку з Кітая. Пра гэта ішла размова падчас нядаўняга візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пекін. Больш падрабязна пра сённяшнюю гутарку ў Прэзідэнта - у "Панараме" ў 21:00.