Для спорту найвышэйшых дасягненняў у нашай краіне робіцца ўсё неабходнае, падкрэсліў Прэзідэнт сёння на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі атлетаў да Алімпіяды ў Бразіліі.
Таму ад спартсменаў, якія выступяць у Рыа-дэ-Жанейра, у Беларусі чакаюць аддачы. Да пачатку галоўнага старту чатырохгоддзя засталося крыху больш за месяц. Амаль ва ўсіх відах спорту ўжо завяршыўся адбор і сфарміраваны склад. У актыве нашай каманды пакуль 134 ліцэнзіі ў 25 відах. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у вельмі няпростай эканамічнай сітуацыі адшукваюцца сродкі, таму балельшчыкі маюць права разлічваць на выніковасць выступленняў. Размова сёння таксама ішла і пра чысты спорт - вольны ад забароненых стымулюючых прэпаратаў.
Сёння ў НАК прэзентавалі варыянты экіпіроўкі для нашых спартсменаў. Дызайн формы распрацоўвалі беларускія мадэльеры. Па выніках апытанняў атлетаў і трэнераў перавага была аддадзена калекцыі Юліі Латушкінай. Адразу ж пасля прэзентацыі Прэзідэнт нефармальна пагутарыў са спартсменамі.
Прэзідэнт запатрабаваў, каб алімпійская форма ўжо неўзабаве з'явілася ў вольным продажы, і каб кожны чалавек, калі ў яго ёсць жаданне, мог купіць яе і тым самым далучыцца да Рыа і спорту ў цэлым.













