Прэзідэнт правёў нараду па будаўніцтве ў сталічным рэгіёне

17 января 2014

Сёння на самым высокім узроўні прагучала тэма, якая хоць і апынулася на некаторы час у цені вялікіх будаўнічых праблем і наступнай работы над памылкамі, але свайго значэння для дзяржавы не страціла. І гэта сёння пацвердзіла і атмасфера нарады ў Прэзідэнта, і заявы, якія гучалі там. Гарады-спадарожнікі і ў цэлым праграма развіцця рэгіянальнай інфраструктуры. Нягледзячы на тое, што адпаведныя задачы былі пастаўлены ў 2008-ым, ні адзін дом па гэтай праграме ў Смалявічах так і не з'явіўся. Сёння як раз разбіраліся чаму, а таксама вызначалі нейкі фарватар, па якім варта рухацца. Напрыклад, Кіраўнік дзяржавы рэзка раскрытыкаваў планы будаўніцтва за кошт сельгасзямель. І тут справа не столькі нават у прынцыповасці, колькі ў эканамічнай мэтазгоднасці. Сёння экспарт прадуктаў - гэта мільярды долараў прыбытку.


Дык як жа будаваць, каб і сталіцу разгрузіць, і рэгіён змяніць, меркаванні пачуў Андрэй Крывашэеў. Кампактнасць і ўтульнасць сучаснага Мінска - унікальная з пункту гледжання архітэктуры, але пагражае транспартным і экалагічным калапсам у будучыні. Ужо сёння ў сталіцы 6200 чалавек на квадратны кіламетр - горад задыхаецца. Для параўнання: шчыльнасць у 1,5 раза большая, чым у Пекіне і Токіа і ў два разы большая, чым у Берліне і Санкт-Пецярбургу. Асноўнае і адзіна разумнае рашэнне - сталічная агламерацыя, калі людзі і прадпрыемствы з мегаполіса перацякаюць у гарады-спадарожнікі. Найбліжэйшыя 5 гадоў - гэта Рудзенск і Смалявічы. Гарады вырастуць у 5 разоў. Далей - Заслаўе і Лагойск плюс Брэсцкі кірунак - Фаніпаль, Дзяржынск і нават Стоўбцы. У самім Мінску - пунктавая забудова або як сказаў Прэзідэнт: шліфоўка алмаза да архітэктурнага брыльянта.


Без належнай агранкі сёння Мінск страчвае камфортнасць, прывабнасць для інвестараў і самую галоўную сваю характарыстыку - горада для людзей. З гэтай жорсткай рэальнасці пачынае Кіраўнік дзяржавы складаную размову пра будучыню мегаполіса, сталічнага раёна і вобласці.


Галоўная бяда - шчыльнасць. Па колькасці гараджан на квадратны кіламетр Мінск абагнаў Піцер, Шанхай, Берлін, Пекін і горад небаскробаў Токіа. 6200 - гэта сярэдняе значэнне. Ёсць аазісы - Усход, Вяснянка і Чыжоўка. Але ёсць і раёны бедства - напрыклад, Паўднёвы-Захад - 18 тысяч чалавек на квадратны кіламетр. Адгэтуль пробкі, нават на кальцавой. Чэргі, ад паліклінік да дзіцячых садкоў у новых мікрараёнах. Дрэнная экалогія - буйныя прадпрыемствы ў горадзе.


Па ключавых сетках - вадзе, цяпле, газу і электрычнасці рэзерв Мінска ўсяго 5-7 гадоў і то пры пунктавай забудове. Пытанне вынасу прадпрыемстваў у гарады-спадарожнікі абмяркоўваецца з 2008-га (ужо 5 гадоў), у 2010-ым прынята праграма гарадоў-спадарожнікаў, такіх налічылі 9. Але па факце 2013-га праект правалілі.


Рудзенск і Смалявічы - будучыя індустрыяльныя сталіцы Міншчыны. Могуць вырасці ў 5 разоў, прычым за кошт эфектыўных працоўных месцаў. Побач будуецца беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Высокія тэхналогіі і высокія зарплаты. Прыехаць сюды на працу будзе не проста прэстыжна. Плюсам стане экалогія і ўся сацыяльная сфера для камфортнага жыцця.


Зрэшты, пакуль Смалявічы растуць толькі саматугам, - у планах на год бягучы 6 новых жылых дамоў і дзіцячы садок. Зразумела, што такімі тэмпамі да паўнацэннага спадарожніка сталіцы не дацягнуць, пры тым, што людзі гатовы абжываць новыя кварталы.


Дзяніс Піско, намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама: Чарга ў нас дастаткова невялікая, усяго 1900 чалавек. Сёлета ў нас будзе зверка, за мінулы год мы яе істотна паменшылі, з улікам уводу шматкватэрных жылых дамоў, тэндэнцыя станоўчая. У нас стаіць задача сёлета ўвесці ў эксплуатацыю дзіцячы сад у горадзе Смалявічы.


Галоўны кантралёр краіны Аляксандр Якабсон на фактах пацвярджае трохгадовы правал праграмы гарадоў-спадарожнікаў. У тых жа Смалявічах замест горада-саду, абяцанага краіне і Прэзідэнту па праграме, адзін дом у чыстым полі.


Яшчэ адна праблема сталіцы - сеткі і вёскі ў межах горада. Мэр Мінска дакладвае: інвестар баіцца лішніх выдаткаў па зносе і камунікацыях. Аддаючы перавагу не дамаўляцца з людзьмі або добраўпарадкоўваць зямлю, а ўціскаць новабудоўлі літаральна ў двары, на дзіцячыя пляцоўкі і паркоўкі. Ушчыльненне - сацыяльны канфлікт, і тут Прэзідэнт адназначны: пляцовак хапляе, не перашкаджайце жыць людзям.


З 2017-га асноўны цэнтр цяжару ў будаўніцтве са сталіцы зрушваецца ў гарады-спадарожнікі. З цяперашняга мільёна квадратаў горад будзе будаваць да 550 тысяч. Астатняе - раён і вобласць. Ужо сёння там меншыя падаткі і больш выгадна пачынаць бізнес. Горад падтрымае новым транспартам і дарогамі. Плюс уся інфраструктура для жыцця ад школ і паліклінік да сферы забаў.


Губернатар Міншчыны Сямён Шапіра дэталёва аб планах на гарады-спадарожнікі. Па даручэнні Прэзідэнта абышлі літаральна кожны пятачок. У выніку высветлілася: з першапачатковых 1200 гектараў раллі, іх жадалі забраць пад новабудоўлі, спатрэбіцца ўсяго 400. Астатнія, як і патрабаваў Прэзідэнт, павінны карміць беларусаў і працаваць на валютны экспарт. Гэта 7 млрд долараў праз два гады.


Скарачаючы будаўніцтва ў сталіцы - нарошчваць яго ў рэгіёнах і за межамі краіны - гэтае даручэнне Кіраўніка дзяржавы. Толькі так галіна пазбавіцца ад месцячковасці, будаўнікі атрымаюць годную зарплату, вопыт і перадавыя тэхналогіі. А краіна захавае індустрыю і будзе развівацца раўнамерна ад Брэста да Оршы.


Як зрушыць цэнтр бюракратычнага, навуковага і студэнцкага жыцця са сталіцы ў рэгіёны. Тры пэўныя прапановы ад кіраўніка Дзяржкантролю. Кожная ўжо адпрацавана ў сусветнай практыцы. Напрыклад, Расійскі Канстытуцыйны суд з Масквы пераехаў у Піцер, а большасць універсітэтаў знакамітай Сарбоны - гэта прыгарады Парыжа.


Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч прапаноўвае актыўней выкарыстаць Брэсцкі кірунак. Фаніпаль, Дзяржынск і Стоўбцы - туды актыўна і добраахвотна ідзе бізнес, напрыклад лагістычны. Сталіца - гэта не склад і не перавалачная база.


Галоўная перашкода, па словах прэм'ера, састарэлы генеральны план Мінска. Ён не ўлічвае ўсе навацыі апошніх гадоў, у тым ліку шматлікія па гарадах-спадарожніках. Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт даручае дапрацаваць генплан з удзелам лепшых архітэктараў і праектыроўшчыкаў краіны, пры гэтым разумна лічачы грошы і рэсурсы галіны.


Зрабіць жыццё гараджан камфортнай, а планы інвестараў і прадпрыемстваў - выгаднымі, не ва ўрон экалогіі. Гэта задача найбліжэйшых пяці гадоў.