У працэсе вытворчасці на тэрыторыі Беларусі легкавых аўтамабіляў "БелДжы" варта больш актыўна выкарыстоўваць айчынны вопыт і свае напрацоўкі. Такую задачу сёння паставіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні рэалізацыі гэтага інвестыцыйнага праекта.
У Мінскай вобласці ўжо збіраюць кітайскія аўтамабілі "Джылі", некаторыя кампаненты для іх пастаўляюць беларускія вытворцы. Зараз зборка ажыццяўляецца на барысаўскім заводзе "Аўтагідраўзмацняльнік". Паралельна ідзе будаўніцтва новага прадпрыемства. Сучасны завод у Барысаве стане паўнавартасным канвеерам "Джылі". Плануецца, што там будуць збіраць каля 60 тысяч машын за год. Прадпрыемства аб'яднае цэхі зваркі, афарбоўкі і зборкі кузаваў. Фактычна ў Беларусі ствараецца новая галіна прамысловасці - легкавое машынабудаванне. Кіраўнік дзяржавы даручыў прадумаць пытанне рэалізацыі аўтамабіляў.
Будаўніцтва новага завода легкавых аўтамабіляў ідзе актыўна. Плануецца, што прадпрыемства пачне працаваць у наступным годзе. І сёння стала вядома, што кампанія "Джылі" спыняе выпуск машын у Расіі, робячы стаўку на беларускі завод.













