Прэзідэнт правёў нараду па выніках дзейнасці праваахоўных органаў

10 марта 2017

Сітуацыя ў сферы гарантавання грамадскай бяспекі і аховы правапарадку ў краіне ў цэлым стабільная і пад кантролем. Гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі на нарадзе па выніках дзейнасці праваахоўных органаў у 2016 годзе і пытаннях аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэм.

У Палацы Незалежнасці сёння максімальна шырока прадстаўленыя ўсе галіны ўлады. Гэта галоўнае адрозненне нарады ад традыцыйных сустрэч. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што злачыннасць за апошнія 10 гадоў знізілася ўдвая, расце і раскрывальнасць злачынстваў. На думку Кіраўніка дзяржавы, адзін з найважнейшых акцэнтаў у працы праваахоўных органаў - гэта прафілактыка злачынстваў.

Адна з тэм вялікай нарады - аптымізацыя праваахоўнай і судовай сістэм. Аднак гэта не самамэта, адзначыў Прэзідэнт. Галоўная задача - павысіць якасць дзяржкіравання і ўзняць яго на новы, сучасны ўзровень.

Станіслаў Зась, Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі: "Тая сістэма дзяржорганаў па гарантаванні нацыянальнай бяспекі, якая створаная ў краіне, яна, на наш погляд, з'яўляецца дастаткова эфектыўнай. Таму кардынальных прынцыповых змяненняў гэтая сістэма не патрабуе. Па кожным ведамстве работа арганізаваная, яна праводзіцца ў першую чаргу па пазбаўленні ад другараднага, непатрэбнага, састарэлага, але істотных змяненняў не трэба, на наш погляд".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што патрабаванні да працы праваахоўнай сістэмы будуць толькі павышацца. Немалаважнымі Прэзідэнт лічыць пытанні выключэння дубліравання і фармалізму ў працы сілавікоў. Падрабязнасці вялікай нарады ў наступных выпусках.