Учора Кіраўнік дзяржавы правёў нараду аб праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў мабілізаваць усе рэсурсы і сілы для ўздыму эканомікі. Бюджэт на наступны год будзе сфарміраваны з улікам унутраных рэалій і знешніх рызык. Інфляцыя закладваецца на 12%.
Сярод прыярытэтаў эканомікі Кіраўнік дзяржавы пазначыў рост экспарту, умацаванне пазіцый беларускіх вытворцаў на ўнутраным рынку, укараненне новых тэхналогій, а таксама паніжэнне сабекошту прадукцыі. Але эканамічныя планы і прагнозы неабходна складаць і рэалізоўваць, зыходзячы з інтарэсаў людзей, падкрэсліў Прэзідэнт.
З пачатку наступнага года працу ўрада Прэзідэнт будзе ацэньваць штоквартальна, каб больш аператыўна выходзіць на ўзважаныя сацыяльна-эканамічныя рашэнні. Праекты прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі краіны на наступны год Кіраўнік дзяржавы ў цэлым адобрыў. На працягу некалькіх дзён дакументы будуць дапрацаваныя і ў канчатковым выглядзе пададзеныя Прэзідэнту.