Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу са старшынёй савета дырэктараў Слаўкалія Міхаілам Гуцэрыевым

4 декабря 2018

Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу з расійскім бізнесменам, старшынёй савета дырэктараў Слаўкалія Міхаілам Гуцэрыевым. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, як ідзе рэалізацыя праекта па будаўніцтве ў Беларусі новага горна-ўзбагачальнага камбіната. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў важнасць шырокага прыцягнення беларускіх спецыялістаў да стварэння прадпрыемства і падрыхтоўкі перспектыўных кадраў, нягледзячы на ўдзел замежных падрадчыкаў. Такім чынам у нашай краіне будуць засвоеныя перадавыя тэхналогіі ў гэтай сферы.

Нагадаем, у верасні 2015 года Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Гуцэрыеў урачыста заклалі капсулу ў гонар пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната на базе Старобінскага радовішча калійных соляў. Гэта будзе другое прадпрыемства ў Беларусі па здабычы калійнай руды і выпуску калійных угнаенняў магутнасцю да двух мільёнаў тон хларыду калію за год. Інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўнога комплексу, узбагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для ўласных патрэб, чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Зараз нямецкі падрадчык Слаўкалія пачаў падрыхтоўку беларускіх кадраў для праходкі ствалоў на Нежынскім ГУК. Таксама пачалося будаўніцтва газаправода да камбіната працягласцю 43 кіламетры.