Прэзідэнт прыняў удзел у святкаванні 1000-гадовага юбілею Брэста

7 сентября 2019
Беларусы павінны ўсё рабіць самі, калі не ўмеем - трэба навучыцца. Такое меркаванне  выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў Брэсце. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выкананнем даручэнняў па добраўпарадкаванні горада, а таксама прыняў удзел у святкаванні 1000-гадовага юбілею Брэста. Заходнія вароты Беларусі літаральна змяніліся. З'явіўся не адзін дзясятак новых аб'ектаў у інфраструктуры горада. 

Адзін з іх - дарожная развязка Заходні абход. Яна істотна знізіць нагрузку на цэнтр, зменшыць заторы  і стане важным звяном у развіцці эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, ды і краіны ў цэлым. Такія аб'екты маюць вялікае значэнне для хуткага і бесперашкоднага руху міжнародных грузаў, а значыць, умацавання транзітных магчымасцяў Беларусі. Айчынныя спецыялісты пры гэтым атрымліваюць вопыт, неабходны як на ўнутраным, так і знешнім рынку. Звяртаючыся да гасцей свята на ўрачыстасцях у цэнтры горада, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гісторыя Брэста - набытак краіны, яго сучаснае аблічча - падстава для ўсеагульнага гонару.

Да 1000-гадовага юбілею Брэст рыхтаваўся доўга і дбайна. За тры гады рэалізавана мноства праектаў. Гэта і ўзвядзенне новых будынкаў, мастоў, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне вуліц, дарог. У падарунак гораду Аляксандр Лукашэнка паднёс унікальны экзэмпляр Берасцейскай (або так званай Радзівілаўскай) Бібліі. Рэліквію будуць захоўваць у мясцовым музеі, каб яе мог убачыць кожны.