Прэзідэнт прыняў з дакладам рэктара Акадэміі кіравання

24 июля 2018

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, кожны выпускнік, які пройдзе падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павысіць кваліфікацыю або атрымае базавую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі, павінен быць запатрабаваны ў сістэме дзяржкіравання. Непатрэбных людзей з 1 верасня ні ў Акадэміі, ні ў іншых беларускіх ВНУ быць не павінна.

І гэтую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў перад Генадзем Пальчыкам. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні, дадзеныя падчас прызначэння новага рэктара ў маі гэтага года. У прыватнасці: крытэрыі пры паступленні, кадравая палітыка па выкладчыцкім складзе, абнаўленне методык выкладання і навучальных праграм. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з Акадэміі кіравання асаблівы попыт: гэта адзіная вышэйшая навучальная ўстанова пры Прэзідэнце і галоўная кузня кадраў для дзяржаўнага апарата.

Акадэмія кіравання, паводле даручэнняў Прэзідэнта, ужо правяла сур'ёзную работу па аптымізацыі ўсяго адукацыйнага працэсу. Гэта відаць з дакладу рэктара. У прыватнасці, з новага навучальнага года Акадэмія не будзе дубліраваць спецыяльнасці іншых беларускіх ВНУ і засяродзіцца менавіта на падрыхтоўцы дзяржаўных кіраўнікоў высокага прафесійнага ўзроўню. Гарантыяй таму служыць уведзены конкурс на паступленне – сёлета ён упершыню датычыўся і дзяржзаказу. Таксама Акадэмія адкарэктавала колькасць слухачоў і студэнтаў. Гэта звязана са скарачэннем агульнага ліку чыноўнікаў і кіраўнікоў у Беларусі. Ва ўстанове пачалі фарміраваць новыя навучальныя планы, методыкі, метадычакі і адукацыйныя стандарты пад сучасны запыт дзяржавы.

Па выніках уступнай кампаніі і навучальнага года ў Акадэміі кіравання будзе праведзены комплексны маніторынг і пры неабходнасці ўнесены карэктывы для якаснага выканання даручэнняў Прэзідэнта і дзяржаўнага заказу, запэўніў рэктар.