Прэзідэнт прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча

10 июня 2019

Зусім хутка дзясяткі тысяч гасцей з усяго свету прыедуць у Мінск на II Еўрапейскія гульні. Падрыхтоўка да спартыўнага форуму  ўжо на фінішнай прамой. І, вядома, адзін з прыярытэтаў падчас правядзення маштабнага мерапрыемства - бяспека турыстаў, спартсменаў, беларусаў. Але каб наша сталіца была тэрыторыяй гасціннасці, сілавікі павінны падысці да арганізацыі парадку з належнай абачлівасцю. Ніякіх празмернасцяў і вялікай колькасці  агароджаў у фан-зонах. Пра гэта сёння ў Палацы Незалежнасці гаварылі Прэзідэнт Беларусі і міністр унутраных спраў. Ігар Шуневіч, выступаючы з дакладам, адзначыў, што наша краіна адна з самых спакойных у Еўропе. І ведамства гатова да вельмі важнага і сур'ёзнага экзамену -  II  Еўрапейскіх гульняў.

І калі аператыўная абстаноўка ў краіне спакойная, то вось у хакеі наадварот  хацелася  б больш эмоцый і прыемных падзей. А пакуль мінскае "Дынама" не радуе вынікамі і кубкамі, а значыць, неабходны новы падыход. Аснову "зуброў" у наступных сезонах Кантынентальнай хакейнай лігі будуць фарміраваць з беларускіх талентаў. Праўда, каб штурмаваць КХЛ і змагацца за пападанне ў плэй-оф,  "Дынама" перш за ўсё трэба вызначыцца з трэнерам. Яшчэ адна задача для Ігара Шуневіча, які ўзначальвае і наглядальны савет клуба.

Не менш важны кірунак для МУС - барацьба з кіберзлачынствамі. З кожным годам у свеце  менавіта ў інфармацыйнай сферы  ўсё больш такіх парушэнняў. Для барацьбы  сілавікі выкарыстоўваюць і новыя тэхналогіі, і развіваюць спецпадраздзяленні. Пра гэта  ўжо падчас зносін з журналістамі распавёў Ігар Шуневіч. А таксама паведаміў, што звярнуўся да Прэзідэнта  з рапартам аб адстаўцы.

Нагадаем, Ігар Шуневіч - генерал-лейтэнант міліцыі - займаў пасаду міністра ўнутраных спраў 7 гадоў,  пачынаючы з 2012.