Прэзідэнт прыняў з дакладам Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея

18 января 2018

Эфектыўнасць знешнеэканамічнай дзейнасці і аптымізацыя Міністэрства замежных спраў. Гэта галоўныя тэмы, якія абмяркоўвалі сёння ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт прыняў з дакладам Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Размова ішла аб выкананні даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, якія былі дадзены на ліпеньскай нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі.

Тады ўдзельнікамі размовы сталі каля 2 з паловай соцень чалавек. Сярод іх практычна ўсе беларускія паслы, якія прадстаўляюць інтарэсы рэспублікі за мяжой.

Знешнепалітычная геаграфія Беларусі ахоплівае ўсе кантыненты. Дыпадносіны ўстаноўлены са 170 краінамі. Фундамент нашай знешняй палітыкі - шматвектарнасць. Умацоўваем супрацоўніцтва не толькі з суседзямі, ідзём на Усход і Захад, пашыраем узаемадзеянне па далёкай дузе. Галоўны крытэрый эфектыўнасці знешняй эканомікі - рост беларускага экспарту. І ў гэтым пытанні ў пасольстваў ключавая роля.

Уладзімір Макей паведаміў пра пазітыўны трэнд - за няпоўны 2017 продажы за мяжу павялічыліся. Тым не менш Кіраўнік дзяржавы даручыў прааналізаваць усе аспекты знешнеэканамічнай дзейнасці і звярнуць увагу на недахопы.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "У развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці па выніках 2017 года назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. Адбыўся рост экспарту на 23 %. Прычым на 2/3 гэта адбылося за кошт росту цэн, але на 1/3 за кошт фізічнага росту экспарту. Таму ў цэлым гэта можна лічыць станоўчай тэндэнцыяй. Дэталёвы аналіз гаворыць, што не трэба самазаспакойвацца. Што тычыцца дыверсіфікацыі, тут зрухі таксама ёсць, але чакае яшчэ вельмі шмат працы".

Беларусь падтрымлівае гандлёвыя адносіны больш як са 190 дзяржавамі свету. Найважнейшыя экспартныя пазіцыі - нафта і прадукты нафтаперапрацоўкі, мінеральныя ўгнаенні, металапрадукцыя, грузавыя і легкавыя аўтамабілі, трактары, шыны, малочная і мясная прадукцыя. У цэлым продажы за мяжу павялічыліся на 23 % і склалі 26 з паловай мільярдаў долараў.

Як бачна, за няпоўны 2017 пастаўкі беларускіх тавараў узраслі па ўсіх кірунках. У краіны СНД, і, у прыватнасці, у Расію. Яшчэ большы прырост экспарту - у дзяржавы па-за Садружнасцю. Дынамічна развіваюцца гандлёвыя адносіны з партнёрамі ў Лацінскай Амерыцы, Азіяцкім рэгіёне. Амаль на траціну выраслі пастаўкі ў дзяржавы Еўрасаюза.

Па выніках сустрэчы Уладзімір Макей падзяліўся падрабязнасцямі з журналістамі. У цэлым узгоднены канцэптуальныя падыходы знешнепалітычнай і эканамічнай дзейнасці на гэты год. У лютым Міністэрства замежных спраў плануе правесці выніковую калегію з удзелам прадстаўнікоў іншых міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў-экспарцёраў. Падвядуць вынікі працы за мінулы перыяд і вызначаць задачы на перспектыву.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Ніколі не трэба спыняцца на дасягнутым, і Прэзідэнт сёння яшчэ раз звярнуў на гэта ўвагу. Так, ёсць пэўныя пазітыўныя зрухі, але мы павінны разумець, што гэта адбываецца ў тым ліку дзякуючы ў цэлым спрыяльнай эканамічнай кан'юнктуры ў свеце. Ёсць і заслугі нашых пэўных экспарцёраў, галін, МЗС у тым, што адбыўся рост экспарту і тавараабароту з іншымі краінамі. Кіраўніком дзяржавы ў свой час была пастаўлена задача па дыверсіфікацыі нашай знешнеэканамічнай дзейнасці. Так, сёння пэўныя зрухі адбыліся, але мы не дасягнулі тых паказчыкаў, якія былі вызначаны Прэзідэнтам. Над гэтым трэба працаваць".

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства таксама далажыў аб выніках аптымізацыі цэнтральнага апарата МЗС, ён скарочаны на траціну. А замежныя ўстановы - на 15 %. Гэты працэс працягнецца. У той жа час распрацоўваецца адкрыццё новых пасольстваў у адной з краін Афрыкі і ў Еўропе. Абмяркоўваўся графік замежных візітаў Кіраўніка дзяржавы сёлета. Прэзідэнт праінфармаваны і аб важных міжнародных мерапрыемствах, якія плануецца правесці ў Беларусі. Сярод іх канферэнцыя АБСЕ па барацьбе з тэрарызмам. Чакаецца адкрыццё мемарыяла ў Трасцянцы, у якім прымуць удзел кіраўнікі замежных дзяржаў.