Прэзідэнт прыняў з дакладам Івана Наскевіча

13 августа 2019
Расследаванне гучных крымінальных спраў і вынікі працы Следчага камітэта. Прэзідэнт прыняў з дакладам кіраўніка структуры Івана Наскевіча.  

Аляксандр Лукашэнка рэгулярна цікавіцца вынікамі дзейнасці самага маладога ведамства краіны, якое было створана ў выніку сур'ёзнай рэформы праваахоўнай сферы з адной мэтай - зрабіць следства незалежным і максімальна эфектыўным. Кіраўнік ведамства распавёў, што сёлета ў следчых у вытворчасці стала больш крымінальных спраў. Гэта звязана з тым, што змяніўся  ўзровень злачыннасці ў краіне. Цяперашняя сустрэча папярэднічае вялікай размове аб выніках працы ўсёй праваахоўнай сістэмы. Яна можа адбыцца ўжо на наступным тыдні. Усё гэта не дзеля справаздач, а дзеля разбору праблемных момантаў у працы сілавікоў. Падставу далі і вынікі расследавання шэрагу крымінальных спраў. Анансуючы нараду з праваахоўным блокам, Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад сітуацыю з галоўным інжынерам МЗКЦ. 

Іван Наскевіч таксама далажыў, як ідзе расследаванне рэзанансных злачынстваў. 

Так, кіраўнік ведамства распавёў, што ў справе аб смерці інспектара ДАІ ў Магілёве пастаўлена кропка. Прынята рашэнне аб спыненні крымінальнай справы. Матэрыялы адпраўлены ў Генпракуратуру. Нагадаем, супрацоўнік міліцыі быў знойдзены застрэленым у сярэдзіне мая. У следства няма сумненняў і ёсць усе доказы, што інспектар ДАІ пакончыў з сабою. 

Прэзідэнту было таксама даложана пра ход расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па факце выбухаў феерверачных вырабаў у Мінску  ў пачатку ліпеня. У выніку разбурэння салютных установак некалькі чалавек атрымалі траўмы. Адну жанчыну выратаваць не ўдалося  з-за вельмі рэдкага віду ранення. У следства было некалькі версій. 

Іван Наскевіч адзначыў, што расследаванне паказала, што асноўнай версіяй з'яўляюцца няякасныя зарады феерверачных вырабаў, якія эксплуатаваліся пры правядзенні салюту. Частка з іх, як ужо вядома, была з закончаным тэрмінам прыдатнасці, частку механічна дапрацоўвалі перад зараджаннем. Гэта даказана падчас следства.

Кіраўнік Следчага камітэта дадаў, што прызначана некалькі экспертыз, іх праводзяць Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, Нацыянальная акадэмія навук, спецыялізаваныя прадпрыемствы.

Падчас экспертыз будуць праведзены следчыя эксперыменты і выпрабаваны феерверкі ў розных сітуацыях. Па выніках вынесуць і канчатковае заключэнне. Гэта дэталі асобных рэзанансных спраў. Што тычыцца глабальнай размовы аб эфектыўнасці працы праваахоўнага блока, то яна можа адбыцца ўжо на наступным тыдні.