Прэзідэнт: прыкласці максімум намаганняў, каб сабраць максімальны ўраджай

1 августа 2018

Сёння Кіраўнік дзяржавы наведаў Мінскі раён, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай на палях 1-й Мінскай птушкафабрыкі. Аляксандр Лукашэнка агледзеў два полі - азімай трыцікале і пшаніцы. Абедзве культуры беларускай селекцыі з добрай ураджайнасцю - 60-70 цэнтнераў з гектара. Уборачная тут на экватары, аграрыі абяцаюць закончыць кампанію за 10-11 дзён. Пры гэтым важна комплексна ўлічваць умовы надвор’я і берагчы людзей. Бо менавіта ад чалавека працы залежыць ураджай.

Надвор'е сёлета не спрыяе аграрным рэкордам, у той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават пры зніжэнні на паўмільёна аб'ёму ўраджаю да мінулага года, яго цалкам хапае і для патрэб насельніцтва, і для патрэбнасцяў жывёлагадоўлі і аграперапрацоўкі. Дзяржаўны рэзерв у паўтара мільёна тон з лішкам кампенсуе патрэбнасці харчовай прамысловасці, а недабор па кармавых сартах таксама з лішкам перакрывае высокі ўраджай кукурузы і травы. Яшчэ адным стымулам сабраць кукурузу своечасова і "да зярнятка" плюс захаваць траву Прэзідэнт назваў крытычныя неўраджаі на Еўразійскім кантыненце. Гэта пагражае імпарцёрам ростам цэн і зніжэннем якасці збожжа на сусветных рынках.

Сапраўды, занадта спякотнае і на рэдкасць сухое лета прывяло да таго, што паліў у шматлікіх краінах можна ажыццяўляць хіба што слязамі па ўраджаі. Нямецкія фермеры чакаюць страт больш як у мільярд еўра з-за таго, што чаканні дажджу не апраўдваюцца з красавіка. З асноўных плошчаў Саксоніі-Анхальт не дабяруць мінімум 1/5 ад нормы збожжавых. Фермеры патрабуюць ад улад кампенсацыі і падатковых ільгот, але пакуль на гэта Берлін пайсці не гатовы. На гэтым фоне на таварных біржах Германіі і суседняй Францыі ў рост пайшлі цэны, ужо перавысіўшы прагнозы на 10 %. Лічыць страты казны рыхтуюцца і ў Фінляндыі, дзе не далічацца амаль траціны звыклага ўраджаю. Урад Літвы з-за засухі вырашыў аб’явіць экстрэмальную сітуацыю - гэта дасць фермерам шанец сысці хоць бы ад штрафаў па недапастаўках, якія чакаюцца больш як на 15 %. І нават адзін з найбуйнейшых экспарцёраў пшаніцы, Расія, не даложыць у агульнасусветны каравай да 100 мільёнаў тон. Адбудзецца гэта таму, што з-за адсутнасці дажджоў яе ўраджай стане мінімальным за шэсць апошніх гадоў.

Таксама сёння Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў. У прыватнасці, пракаменціраваў асобныя заклікі далёкіх ад АПК экспертаў вярнуцца да пашыранага імпарту збожжа і харчавання, скараціўшы пры гэтым інвестыцыі ва ўласную сельскую гаспадарку. Прэзідэнт адзначыў, наколькі важнай галіной для нашай краіны застаецца сельская гаспадарка з пункта погляду харчовай бяспекі, стварэння рабочых месцаў, развіцця аграпрамысловасці і нават захавання суверэнітэту Беларусі.

Паводле звестак на сённяшнюю раніцу, у цэлым па краіне ўбрана без малога 42 % збожжавых. Ужо сабрана 2 з паловай мільёны тон хлеба. Наперадзе па-ранейшаму поўдзень - у Брэсцкай вобласці засталося ўбраць чвэрць палёў. На другое месца па намалоце выйшаў сталічны рэгіён - 640 з паловай тысяч тон збожжа. Больш за палову ўраджаю сабрана ў Гродзенскай вобласці. Тут самая высокая ўраджайнасць па краіне - 30,8 цэнтнера з гектара. Аграрыі Гомельшчыны сабралі 245 тысяч тон хлеба. Віцебскі рэгіён набліжаецца да адзнакі 200 тысяч тон, Магілёўскі - 155.