Прэзідэнт прыбыў з афіцыйным візітам ва Узбекістан

12 сентября 2018

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам ва Узбекістан. Заўтра ў Ташкенце перамовы лідараў дзвюх краін пройдуць у вузкім і пашыраным складах.

Перагаворная праграма насычаная. Чакаецца, што асноўная ўвага будзе надавацца нарошчванню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіццю вытворчай кааперацыі і арганізацыі зборачных прадпрыемстваў па выпуску запатрабаванай ва Узбекістане тэхнікі.

Адразу з аэрапорта картэж беларускага лідара накіраваўся на плошчу Мустакілік, у перакладзе - плошча Незалежнасці. Гэта абавязковае месца наведвання ўсіх афіцыйных дэлегацый. Зараз ля манумента - кветкі ад Прэзідэнта Беларусі.

І яшчэ адна сімвалічная частка праграмы візіту. Аляксандр Лукашэнка ўшанаваў памяць былога прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. У Ташкенце ў яго гонар адкрылі помнік.

Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца заўтра. У цэнтры ўвагі лідараў будзе і ўзаемадзеянне па цэлым шэрагу кірункаў - ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да гуманітарнай сферы і турызму. Размова таксама пойдзе аб развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва, як эфектыўнага інструмента нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязяў. Плануецца, што прэзідэнты абмяняюцца меркаваннямі па актуальных пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. А па выніках перамоў падпішуць пакет двухбаковых дакументаў.

Летась тавараабарот паміж краінамі вырас больш як удвая ў параўнанні з папярэднім і склаў каля 130 мільёнаў долараў. Тэндэнцыя росту захоўваецца: за 6 месяцаў 2018 Беларусь і Узбекістан ужо нагандлявалі на 100 мільёнаў. Аснова нашага экспарту - трактары, цягачы, камплектуючыя да розных машын. У зваротным кірунку ў асноўным пастаўляюцца садавіна, баваўняная пража, трыкатаж.

Сёння ў Ташкенце пачаў працу сумесны форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з удзелам бізнес-колаў і кіраўнікоў рэгіёнаў дзвюх краін. Паводле папярэдніх ацэнак, агульны партфель кантрактаў можа скласці 100 мільёнаў долараў. Ужо падпісана каля паўсотні дакументаў. Вядома, што на гэтай пляцоўцы Мінскі трактарны завод заключыў кантракты на 15 мільёнаў долараў. Таксама завод абмяркоўвае з мясцовымі партнёрамі стварэнне зборачнай вытворчасці гусенічнай тэхнікі. Дарэчы, ва Узбекістане ўжо дзейнічаюць 3 зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі, 2 з якіх з удзелам беларускага капіталу.

Кааперацыйны блок стане яшчэ больш маштабным паслязаўтра: больш за 150 беларускіх прадпрыемстваў у Ташкенце прымуць удзел у выставе Made in Belarus.